Жыхару Кобрына далі 10 сутак за кнігу Уладзіміра Арлова, што стаяла на паліцы
У судзе мужчына віну адмаўляў. Ён настойваў: ніякага «экстрэмізму» ён распаўсюджваць не планаваў, кнігу нікому не паказваў і наогул забыўся пра тое, што яна ў яго калі-небудзь была.
01.06.2024 / 14:05
Уладзімір Арлоў. Фота: «Наша Ніва»
Аднак суд з такімі довадамі не пагадзіўся: раз выданне стаяла на паліцы, значыць «публічна дэманстравалася» (яе маглі ўбачыць «як мінімум члены сям'і»), а раз «публічна дэманстравалася», значыць «распаўсюджвалася». Падрабязнасці адміністрацыйнай справы прыводзяцца ў пастанове, якая была апублікавана ў Банку судовых рашэнняў, звярнула ўвагу «Люстэрка».
Міліцыя даведалася пра наяўнасць у доме жыхара Кобрына «экстрэмісцкай» кнігі па даносе. Хто напісаў паклёп, у пратаколе не пазначана. Пасля паступлення інфармацыі супрацоўнікі Кобрынскага РАУС прыехалі па месцы жыхарства мужчыны для «агляду домаўладання».
«Пры аглядзе жылля на першым паверсе дома ў кніжнай шафе ў адкрытым доступе ім у вочы кінулася кніга «Айчына: дзіцячая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі», якая выклікала падазрэнне», — паведамляецца ў пастанове.
Пільныя супрацоўнікі зверыліся з рэспубліканскім спісам экстрэмісцкіх матэрыялаў і ўстанавілі, што дадзенае выданне ўнесена ў забаронены пералік. Пасля гэтага яны праверылі ноўтбук і тэлефон уладальніка кнігі, але там нічога падазронага не знайшлі.
Фота: Брэсцкая газета
У выніку мужчыну затрымалі і склалі пратакол паводле ч. 2 арт.19.11 КаАП (захоўванне з мэтай распаўсюджвання інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў).
У судовым пасяджэнні ўладальнік кнігі віны не прызнаў. Ён падкрэсліў, што рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска ў «экстрэмісцкі» пералік было ўключана другое выданне «Айчыны: дзіцячая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі», а ў яго дома на паліцы ляжала першае.
Кнігу яму падарылі на 60-гадовы юбілей. Ён паставіў яе ў шафу, «як падарунак, дзе захоўваў без мэты распаўсюджвання», чытаць ён яе нікому не даваў, а з часам і зусім забыўся, што такая літаратура ў яго ёсць.
«Для членаў яго сям'і — жонкі і дачкі — дадзеная кніга не ўяўляе цікавасці», — падкрэсліваецца ў пастанове.
Аднак суд Кобрынскага раёна з гэтым довадам не пагадзіўся. Там палічылі аргументы няслушнымі, бо сам факт размяшчэння і захоўвання такой інфармацыі ў адкрытым доступе ў кніжнай шафе быў накіраваны на публічную дэманстрацыю і на азнаямленне як мінімум членаў сям'і».
На довад кобрынца пра тое, што «экстрэмісцкім» было прызнана толькі другое выданне кнігі, а не першае, суд таксама знайшоў, што запярэчыць.
«Довад абвяргаецца звесткамі выдання, паколькі ў мэтах выканання рашэння суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 18 кастрычніка 2022 года было знішчана як другое, так і першае яе выданне, з чаго вынікае, што названыя выданні былі ідэнтычныя, акрамя таго, пры другім выданні кнігі ў ёй не паказаная інфармацыя аб тым, што другое выданне дапоўнена, дапрацавана альбо зменена, яго назва і колькасць старонак у другім выданні не зменена, у сувязі з чым суд прыходзіць да высновы, што першае выданне з'яўляецца ідэнтычным другому і з'яўляецца экстрэмісцкім матэрыялам», — заключыў суд, не патлумачыўшы пры гэтым, як звычайны беларус мог даведацца, якія менавіта выданні «экстрэмісцкай» кнігі знішчыла Выдавецтва, каб пазбегнуць пратаколу.
У выніку мужчыну прызналі вінаватым і прызначылі дзесяць сутак арышту. Кнігу канфіскавалі.