Кароль Швецыі пасвяціў у рыцары музыкаў славутага поп-гурта АВВА
Сёлета споўнілася 50 гадоў самай знакамітай шведскай групе.
01.06.2024 / 08:27
Кароль Швецыі Карл XVI Густаў і каралева Сільвія прысвоілі рыцарскія званні ўдзельнікам поп-групы АВВА — аднаго з самых знакамітых шведскіх музычных калектываў у гісторыі. Цырымонія прайшла ў пятніцу ў каралеўскім палацы ў Стакгольме, піша Расійская служба Радыё Свабода.
Музыкаў пасвяцілі ў рыцары ў знак прызнання іх заслуг на шведскай і міжнароднай музычнай сцэне.
Усе чацвёра ўдзельнікаў групы — Бені Андэрсан, Агнета Фельтскаг, Ані-Фрыд Лінгстад і Б'ёрн Ульвеус, — былі ўзнагароджаны найвышэйшай грамадзянскай узнагародай Швецыі, ордэнам Вазы. Гэта першы выпадак уручэння такога высокага ордэна за апошнія амаль 50 год.
Практыка ўзнагароджання шведскіх грамадзян каралеўскімі ордэнамі была спынена парламентам у 1974 годзе, каб не ствараць няроўнасць сярод грамадзян. Пасля гэтага Швецыя ўручала ордэны толькі замежнікам.
Аднак у 2022 годзе парламент перагледзеў узнагародную сістэму і вярнуў шведам магчымасць атрымліваць каралеўскія ўзнагароды.
У 2024 годзе ордэнамі былі ўзнагароджаны музыканты АВВА, а таксама лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па фізіялогіі і медыцыне Свантэ Пааба і па фізіцы Ан Л’Юілье і яшчэ некалькі грамадскіх дзеячаў. Рашэнне аб узнагароджанні было прынята ў сакавіку, але ўрачыстая цырымонія адбылася 31 траўня.
ABBA — адзін з самых папулярных музычных гуртоў у гісторыі поп-музыкі. Пасля перамогі на Еўрабачанні ў 1974 годзе гурт да пачатку 1980-х узначальваў сусветныя хіт-парады, выпусціў 8 альбомаў, з агульным продажам больш за 380 мільёнаў асобнікаў. Гурт распаўся ў 1982 годзе, але ўз'яднаўся для запісу альбома Voyage, які выйшаў у 2021 годзе.
Тэйлар Свіфт упершыню трапіла ў спіс мільярдэраў Forbes
Фанаты не знайшлі некалькіх трэкаў на кружэлках з новым альбомам Беёнсе
Удзельнікі гурта «Бі-2» і члены іх сем'яў атрымалі грамадзянства Малдовы
Лявон Вольскі прэзентаваў кліп «Куды і калі» ВІДЭА