«Белджы» анансаваў пачатак продажу новай мадэлі красовера пад уласным брэндам

Навая мадэль ад беларуска-кітайскага вытворцы мае назу Belgee X70. Але новага ў ёй няшмат.

31.05.2024 / 16:40

Фота: Belgee

Па сутнасці, Belgee X70 — гэта усё той жа Geely Atlas Pro. Знешне X70 адрозніваецца ад Atlas Pro толькі лагатыпамі, самой назвай і некаторымі іншымі малазаўважнымі дробязямі.

Фота: скрыншот з сайта belgee.by

Бадай, найбольшыя змены адбыліся ў тыльнай частцы аўто, бо давялося замяніць не проста шыльдзік, а цэлую храміраваную панэль, на якой замест Geely цяпер напісана Belgee. 

Фота: Belgee

Адметна, што з заменай назвы згадак пра брэнд стала менш. Так, лагатыпы зніклі з пярэдняй і задняй оптыкі, а таксама з калпачкоў на літых дысках.

Цэны на аўтамабілі пасля рэбрэндынгу таксама не змяніліся. Пачынаюцца яны з 77 640 рублёў (каля 24 250 даляраў) за пярэднепрывадную версію ў камплектацыі Comfort. Поўнапрывадныя X70 каштуюць ужо ад 85 560 рублёў (каля 26 700 даляраў). Belgee X70 у топавай камплектацыі Flagship з люкам каштуюць 92 040 рублёў (каля 28 750 даляраў).

Belgee X70 стаў другой мадэллю аўто, якую выпускаюць пад айчынным брэндам. Першай была Belgee X50, якая з'явілася ў выніку перайменаванай Geely Coolray.

На заводзе «БелДжы» Лукашэнку паказалі начынку Geely. Колькі беларускага ў аўто?

Nashaniva.com