«Як быццам бомбу ў школе знайшлі». Былая бібліятэкарка расказала, як школьныя бібліятэкі чысцяць ад «няправільных» кніг
Ліяна Рыбакова да канца 2023 года працавала ў бібліятэцы адной з брэсцкіх гімназій. Яна заспела вялікую «міністэрскую» праверку, падчас якой чыноўнікі шукалі «небяспечную літаратуру». Па словах спецыялісткі, падобныя гісторыі здараліся і ў іншых школах. «У нас быў чат бібліятэкараў, і многія калегі пісалі, што ў іх адбывалася тое ж самае», — кажа жанчына. Як выглядалі такія праверкі і куды ішлі «няправільныя» кнігі, Ліяна расказала «Люстэрку».
30.05.2024 / 21:32
Ліяна Рыбакова з дачкой. Фота з архіва суразмоўніцы
«Яны прыйшлі і адразу спыталіся пра гістарычныя кнігі»
У Ліяны Рыбаковай інваліднасць трэцяй групы, ёй 48 гадоў, у яе трое дзяцей. Жанчына жыла ў Брэсце і працавала ў дзіцячым аддзеле адной з публічных бібліятэк горада, а яе муж — у арганізацыях ЖКГ.
У жніўні 2020 года муж і жонка ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту супраць гвалту сілавікоў і вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. З-за гэтага Ліяна была вымушаная звольніцца з працы. Але ў 2021 годзе ёй удалося знайсці месца ў бібліятэцы адной з гімназій Брэста.
Жанчына кажа, што проста перад гэтым увесь бібліятэчны фонд праверылі, да яго зместу пытанняў не было.
«Звычайна падчас такіх мерапрыемстваў спраўджваецца наяўнасць літаратуры ў бібліятэчных фондах і інвентарных кнігах, — тлумачыць Ліяна. — Змест кніг правяральнікаў не цікавіў, гэта была механічная зверка фонду бібліятэкі».
Але пасля пачатку вайны ва Украіне ў гімназію прыйшла «страшная міністэрская праверка».
«Гімназія павінна была атрымаць акрэдытацыю, таму праверка была вельмі важнай, яе баяліся, да яе рыхтаваліся ўсе, — расказвае Ліяна.
Больш за ўсё правяральнікаў цікавілі кабінеты гісторыі і бібліятэка. Асабліва паліцы з гістарычнай вучэбна-метадычнай і мастацкай літаратурай.
«Яны прыйшлі і адразу спыталіся пра гістарычныя кнігі, паказвалі мне на сваіх смартфонах фота з падручнікамі, на вокладках якіх былі «Пагоня» або бел-чырвона-белы сцяг, — успамінае бібліятэкарка. — Правяральнікі кінуліся да гістарычнай паліцы, сталі ўсё перарываць, выкопваць.
Знайшлі там некалькі падобных кніг і сказалі, што іх трэба спісаць проста неадкладна, каб гэтага ў бібліятэцы не было. Дырэктарка паглядзела на мяне такімі страшнымі вачыма, як быццам гэта я прынесла і паставіла гэтыя кнігі.
Але яны трапілі ў бібліятэку легальна, ад дзяржавы ў ранейшыя гады.
Дырэктарка крычала: «Як вы маглі? Чаму ў вас дагэтуль знаходзяцца гэтыя кнігі? Іх трэба неадкладна спісаць! Гэта нават не абмяркоўваецца. Калі нешта не падабаецца, то звальняйцеся».
Па словах Ліяны, пад няміласць трапілі падручнікі па гісторыі Беларусі розных гадоў выпуску: ад надрукаваных яшчэ ў 1990-я гады кніг з бел-чырвона-белым сцягам на вокладцы да выданняў апошніх гадоў.
«Уся літаратура, якая ёсць у бібліятэцы, пералічаная ў тоўстых інвентарных кнігах, і калі нешта спісваецца, то гэта выкрэсліваюць са спісу і пазначаюць дату, — кажа суразмоўца. — Мне сказалі гэтыя кнігі спісаць не проста сённяшняй датай, а як быццам гэта здарылася два месяцы таму. Нават у аддзеле адукацыі, дзе засведчваюцца акты аб спісанні, здзівіліся гэтаму».
Не ведалі ў аддзеле адукацыі і пра тое, якія менавіта кнігі могуць несці пагрозу. Пасля праверкі Ліяна Рыбакова і яе калегі з іншых брэсцкіх школ і гімназій звярнуліся да метадысткі з просьбай падаць ім спіс непажаданай літаратуры.
«Метадыстка спачатку вельмі доўга дзівілася і не давала адказу, а потым скінула на электронную пошту велізарны спіс з 500-600 кніг, прызнаных экстрэмісцкімі ў судовым парадку, — распавядае Ліяна. — У гэтым спісе былі нейкія адыёзныя выданні тыпу «Рускі Данбас», нешта пра фашызм, але ўсіх гэтых кніг не было ў маёй бібліятэцы. А тых, ад якіх мяне прымусілі пазбавіцца, не было ў спісе.
Калі я сказала пра гэта метадыстцы, яна зноў моцна здзівілася і адказала, што я павінна была запатрабаваць ад правяральнікаў падстаў, па якіх яны прымушаюць прыбраць кнігі. Але тыя ж мне проста ткнулі пад нос смартфон з фатаграфіяй і нічога не тлумачылі».
Падручнікі па гісторыі Беларусі, ілюстрацыйная выява. Фота: 90s.by
«Было адчуванне, што ў дырэктаркі пачынаецца істэрыка»
Калі працэс выяўлення непажаданых кніг у бібліятэцы Ліяна магла хаця б назіраць, то настаўнікі гісторыі гэтай гімназіі апынуліся ў яшчэ горшым становішчы. Па словах бібліятэкаркі, гэтыя кабінеты абследавалі на прадмет «падрыўной літаратуры» нават без прысутнасці педагогаў.
«Калі гісторыкі прыйшлі ў свае кабінеты, то выявілі, што там ужо да іх было ўсё вынесена, засталіся голыя сцены і паліцы. Куды — невядома», — гаворыць Ліяна.
Непажаданыя кнігі з бібліятэкі жанчына аднесла ў кабінет дырэктара. Што з імі здарылася далей, яна не ведае.
«Звычайна пасля таго, як кнігі спісаныя і гэта праведзена адпаведнымі актамі, іх звязваюць у стос і аддаюць у макулатуру, вага фіксуецца і запісваецца на агульны баланс школы, — тлумачыць бібліятэкарка. — Гэта бесперапыннае спаборніцтва — ад кожнай школы патрабуецца здача макулатуры, якую дзеці прыносяць з дому, а настаўнікі выграбаюць са сваіх кабінетаў».
Што са спісанымі «падрыўнымі» выданнямі зрабіла дырэктарка гімназіі, Ліяна Рыбакова не ведае. Спытаць яе пра гэта яна не адважылася.
«У мяне было адчуванне, што ў дырэктаркі пачынаецца істэрыка, што яна губляе над сабой кантроль, — прызнаецца жанчына. — Але я дагэтуль не разумею, чаму гэта такое страшнае злачынства. Як быццам бомбу ў школе знайшлі, а не кнігі.
Я адчувала адчай ад таго, што я бюджэтніца, залежу ад гэтай дырэктаркі, яна можа звольніць мяне ўзмахам сваёй рукі. Прычым звольніць так, што больш нікуды не возьмуць.
Табе гавораць рабіць нейкі абсурд. А ты павінен, як дурань, рабіць яго, каб людзі не ведалі гісторыі, праўды, не ведалі нічога, каб хадзілі з прамытымі мазгамі. Гэта проста жах».
Замест спісаных «небяспечных» кніг у бібліятэку паступалі свежыя выданні. Бібліятэкарка ўспамінае, як на іх рэагавалі настаўнікі гімназіі:
«Перад тым як я звольнілася, нам даслалі новы падручнік, які называўся «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Ведаеце, калі нават самі настаўнікі яго глядзелі, я не магу вам перадаць, якія незадаволеныя твары ў іх былі. Гэта значыць, яны разумеюць, наколькі перакручаная інфармацыя ў гэтым падручніку».
У бібліятэцы Брэсцкай гімназіі жанчына прапрацавала да канца 2023 года. У першы дзень 2024-га яна разам з мужам і трыма дзецьмі з'ехала ў Польшчу.
«Я нават не папярэджвала пра гэта дырэктарку, — прызнаецца Ліяна. — Проста пакінула ключ ад бібліятэкі перад дзвярыма, а ўжо з Варшавы патэлефанавала і сказала, што больш не прыйду ў гімназію».
Цяпер на сайце Bysol адкрыты збор сродкаў для сям'і Ліяны Рыбаковай. Жанчыне і яе блізкім патрэбна грашовая дапамога для арэнды жылля, куплі лекаў, ежы і адзення.
Гігін будзе чытаць на мінскім фестывалі лекцыю пра Мураўёва-вешальніка як пра «адраджэнца»
Магілёўскіх студэнтаў палохаюць спісам «экстрэмісцкіх» рэсурсаў, але ёсць адно «але»