Міліцыя накрыла ў Барысаве дзень нараджэння — паўтара дзясятка непаўналетніх пілі гарэлку. Малодшай было 12 гадоў
Сілавікі прыйшлі на вечарынку ў прыватным доме.
30.05.2024 / 14:59
Фота: УУС Мінаблвыканкама
У Барысаве міліцыя прыйшла ў дом, дзе кампанія падлеткаў святкавала дзень нараджэння сябра.
Вечарынка не абышлася без алкаголю. Пры гэтым 14 падлеткаў былі непаўналетнімі, самай малодшай удзельніцы дня нараджэння было 12 гадоў. У кампаніі быў толькі адзін паўналетні — ён арандаваў дом і купляў алкаголь.
Абласная міліцыя паведамляе, што ўсе падлеткі ад 12 да 17 гадоў знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. Інспекцыя па справах непаўналетніх ужо праводзіць праверку. У відэа, апублікаваным міліцыяй, падлеткі прызнаюцца, што выпілі па 5-7 чарак гарэлкі.
Таксама сілавікі правяраюць уласніка дома. У відэа ён сцвярджае, што здаў дом 18-гадоваму хлопцу. Пры гэтым 12-гадовая дачка ўласніка ўдзельнічала ў вечарынцы і выпівала.