Заходнія лідары абмяркоўваюць зняцце абмежаванняў на нанясенне Украінай удараў па тэрыторыі Расіі

Згодна з міжнародным правам, Кіеў мае ўсе магчымасці супрацьстаяць агрэсару.

30.05.2024 / 12:03

Фота: Evgeniy Maloletka / AP

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон 28 мая падчас дзяржаўнага візіту ў Германію заявіў, што лічыць неабходным дазволіць украінскай арміі наносіць удары па вайсковых аб'ектах, з якіх выпускаюцца расейскія ракеты па Украіне, піша Bild.

Канцлер Олаф Шольц быў не гэтак адназначны ў сваіх заявах, але сказаў, што ў яго няма юрыдычных пярэчанняў супраць такіх дзеянняў. Згодна з міжнародным правам, Украіна мае ўсе магчымасці супрацьстаяць агрэсару.

«Яна падвергнулася нападу і мае права абараняцца», — сказаў канцлер. Што датычыцца выкарыстання зброі, якая пастаўляецца ЗША, Францыяй або Германіяй, то існуюць правілы, «якія гавораць, што гэта заўсёды павінна быць у рамках міжнароднага права», падкрэсліў ён.

Выданне Politico піша, што каментар канцлера Германіі фактычна азначае, што Украіна можа наносіць зваротны ўдар заходняй зброяй па расейскай тэрыторыі.

На пытанне аб магчымым прымяненні нямецкай зброі на расійскай тэрыторыі прэс-сакратар урада ФРГ Штэфен Хебештрайт 29 мая заявіў, не можа раскрыць дакладных дамоўленасцей з Кіевам па выкарыстанні нямецкай зброі, паколькі яны «канфідэнцыйныя».

Дзяржсакратар ЗША Энтані падчас візіту ў Малдову заявіў, што Злучаныя Штаты з самага пачатку вайны адаптавалі сваю падтрымку Украіны да зменлівых умоў. «Я ўпэўнены, што мы будзем працягваць гэта рабіць», — сказаў Блінкен.

Пасля візіту ў Кіеў ён даў зразумець, што Украіна мае шанцы супрацьстаяць Расіі, толькі калі яна зможа наносіць удары па ракетных устаноўках і артылерыі на расійскай тэрыторыі.

Калі ЗША сапраўды зменяць сваю пазіцыю і дазволяць Украіне наносіць удары па расійскай тэрыторыі са зброі, якая пастаўляецца Злучанымі Штатамі, іншыя заходнія дзяржавы, верагодна, неўзабаве паследуюць гэтаму прыкладу.

Nashaniva.com