Польскія спецслужбы затрымалі двух беларусаў — іх вінавацяць у падрыхтоўцы дыверсій па заданні Крамля
Як паведамляюць польскія спецслужбы і пракуратура, за падрыхтоўку дыверсій і масавых падпалаў былі затрыманыя два грамадзяніны Беларусі і адзін грамадзянін Польшчы, якія рабілі гэта па загадзе расійскага ГРУ. СМІ прыводзяць і некаторыя дэталі пра іх асобы.
29.05.2024 / 22:31
Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW). Фота: gov.pl
Як паведамляе польскае выданне «Рэч Паспалітая», два беларусы і адзін паляк рыхтавалі масавыя дыверсіі і падпалы гандлёвых цэнтраў, рэстаранаў і будаўнічых складоў у некалькіх буйных гарадах Польшчы.
Асноўным заказчыкам дыверсій, па версіі следства, з'яўляецца расійскае ГРУ, піша выданне.
Па інфармацыі следчых, запланаваныя падпалы былі накіраваныя на тое, каб выклікаць хаос і страх у Польшчы, нанёсшы шкоду маёмасці і людзям.
За кожны пашкоджаны ці знішчаны аб'ект выканаўцам прапаноўвалася ўзнагарода ў 10 тысяч еўра.
«Аднаму з беларусаў 37 гадоў, а малодшаму 35 гадоў. У аднаго з іх ёсць беларускі пашпарт, а ў іншага была карта паляка. Абодва жылі ў прыгарадзе і ў самой Варшаве.
Трэці затрыманы, 40-гадовы паляк, жыве ў Паморскім ваяводстве», — паведамляе «Рэч Паспалітая» са спасылкай на крыніцы ў польскіх спецслужбах і пракуратуры.
Арыштаваных беларусаў і паляка ўжо афіцыйна абвінавацілі «ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групоўцы, накіраванай на ажыццяўленне дзейнасці ў інтарэсах замежнай выведкі супраць Рэспублікі Польшча» (ч. 1 арт. 258 КК Польшчы), а таксама «ва ўдзеле ў дзейнасці расійскай выведкі ў абмен на абяцанне атрымаць матэрыяльную выгаду ад дыверсійных і сабатажных дзеянняў на тэрыторыі Польшчы» (ч. 7 арт. 130 КК Польшчы).
Санкцыі па абодвух артыкулах прадугледжваюць пакаранне да пажыццёвага зняволення.
Польшча плануе замініраваць мяжу з Беларуссю і Расіяй
У Польшчы стварылі яшчэ адну камісію па расійскім і беларускім уплывах