Папа Рымскі трапіў у вялікі скандал пасля заявы, што ў каталіцкіх семінарыях квітнее «гамасяціна»
Буйныя італьянскія выданні паведамілі, што на нядаўнім закрытым пасяджэнні ў Ватыкане Папа Рымскі Францішак адкрыта выкарыстаў вельмі абразлівую італьянскую лаянку ў адносінах да «навучэнцаў некаторых семінарый» з-за іх сэксуальнай арыентацыі. Выбухнуў вялікі скандал.
28.05.2024 / 19:20
Папа Рымскі Францішак. Фота: AP
Як паведамляе The Guardian, італьянскія выданні La Repubblica, Corriere и Adnkronos высветлілі падрабязнасці нядаўняй закрытай гутаркі Папы Рымскага Францішка з біскупамі, падчас якой Францішак «паскардзіўся на вялікую колькасць геяў сярод навучэнцаў у семінарыях».
«У сваёй прамове Папа Рымскі Францішак выказаўся супраць прыёму геяў у семінарыі і адзначаў, што, хоць і важна быць памяркоўнымі да ўсіх, але цалкам верагодна, што гей можа рызыкнуць весці падвойнае жыццё ў шкоду правілам.
Пасля гэтага Францішак заявіў, што ў некаторых семінарыях развялося занадта шмат frociaggine. Гэтае слова з'яўляецца вельмі абразлівым італьянскім жаргонам, якое перакладаецца як «галубізна», «гамасяціна» і іншыя больш мацерныя эквіваленты», — перадае The Guardian.
Выданне са спасылкай на італьянскія медыя адзначае, што спачатку біскупы, якія прысутнічалі на закрытым пасяджэнні, паспрабавалі апраўдацца, што «Папа Рымскі выкарыстаў слова frociaggine у якасці жарту і, паколькі сам Францішак з Аргенціны, то ён не ведаў, што гэтае італьянскае слова з'яўляецца настолькі абразлівым».
Пасля інцыдэнт з заявай Францішка пракаментаваў і афіцыйны партал Ватыкана, публічна выбачыўшыся за словы Папы Рымскага.
«Папа Францішак ведае пра нядаўнія артыкулы, якія тычацца закрытай размовы з біскупамі. Папа ніколі не меў намер нікога абражаць або выказваць гамафобныя заявы, і ён просіць прабачэння ў тых, хто адчуў сябе абражаным з-за выкарыстання ім таго слова, пра якое паведамілі іншыя», — заявіў дырэктар прэс-службы Святога Трона Матэа Бруні.
Ватыкан дазволіў бласлаўляць аднаполыя пары
Без святла, вады і храма жыве ў Мінску Капелан Папы Рымскага