У Вілейскім раёне святар вымушаны клапаціцца пра катоў, якія засталіся ад памерлай прыхаджанкі
Да пробашча касцёла ў Альковічах самі прыйшлі двое катоў прыхаджанкі. З астатнімі жывёламі просяць дапамагчы валанцёры, піша katolik.life.
28.05.2024 / 14:18
У нетыповай сітуацыі аказаўся пробашч Рымска-каталіцкай парафіі ў вёсцы Альковічы Вілейскага раёна. Там памерла 61-гадовая адзінокая парафіянка, якая забірала да сябе кінутых сабак і катоў. Жывёлы засталіся безгаспадарнымі пасля смерці гаспадыні — зараз пробашч парафіі ксёндз Анатоль Парахневіч вымушаны клапаціцца пра жывёл.
Святар узяў да сябе двух катоў, якія прыйшлі да яго з дому памерлай гаспадыні. А астатніх жывёл пакуль падкормліваюць жыхары вёскі. Сам святар распавёў пра сітуацыю Kraj.by:
«Катоў і сабак падкідвалі дачнікі, яна выходжвала шчанюкоў, якіх нараджала яе ж гадаванка. Парафіянка перастала прыходзіць на службы. 22 мая я прыйшоў да яе. Гляджу, а яна на ложку ляжыць мёртвая. Адна кошка сядзіць ля галавы гаспадыні, другая — у яе на грудзях».
Валанцёры падказваюць тэлефон ксяндза Анатоля і просяць неабыякавых звярнуцца да яго, каб дапамагчы разабраць жывёл: +375 29 611-16-00