На што Польшча патраціць $2,5 мільярда, прызначаных на ўмацаванне мяжы з Беларуссю?
У Польшчы прадставілі праект узмацнення мяжы «Шчыт Усход». Ён будзе ахопліваць участак працягласцю 700 кіламетраў, у тым ліку 400 кіламетраў мяжы з Расіяй і Беларуссю, і запатрабуе інвестыцый у памеры 10 млрд злотых (каля 2,5 млрд даляраў). Што будзе ўяўляць з сябе сістэма ўмацаванняў, піша Most па матэрыялах польскай прэсы.
27.05.2024 / 19:24
Цяперашні плот на польска-беларускай мяжы
Работы па ўзмацненні мяжы павінны завяршыцца да 2028 года. Яны будуць весціся не толькі ў непасрэднай блізкасці ад мяжы, але і закрануць адлегласць ад 50 да 100 кіламетраў углыб краіны.
Праект будзе ўключаць агароджы і сучасную сістэму маніторынгу прасторы, у тым ліку сістэму распазнавання Barbara, набытую за 1 млрд злотых (каля 250 млн даляраў). Сістэма будзе ўключаць сярод іншага спадарожнікавы кампанент, а таксама дроны і антыдронавыя сістэмы.
Мяркуецца, што праект будзе складацца з чатырох элементаў.
1. Узмацненне магчымасцяў супрацьдзеяння раптоўнаму нападу
Гэты кампанент будзе ўключаць у сябе сістэму выяўлення, папярэджання і адсочвання, уключаючы беспілотнікі, знішчальнікі F35 і спадарожнікі.
Таксама ён павінен уключаць базавыя станцыі-мачты, — размешчаныя ўздоўж мяжы, станцыі для бяспечнай вайсковай сувязі і элементы відавой ды радыёэлектроннай разведкі — IMINT і SIGINT.
Акрамя таго, тут плануецца ўзмацніць лагістычныя вузлы і стварыць інфраструктуру для антыдронавых сістэм.
2. Абмежаванне рухомасці праціўніка
Гэты кампанент прадугледжвае стварэнне супрацьтанкавых равоў, жалезабетонных вожыкаў, уладкаванне дарог і стварэнне іншых аб'ектаў.
3. Павышэнне бяспекі вайскоўцаў і абарона цывільнага насельніцтва
Гэты кампанент прадугледжвае стварэнне сховішчаў для вайскоўцаў і цывільных асоб, а таксама складоў і бункераў для зброі і баявых сродкаў.
4. Забеспячэнне мабільнасці ўласных войскаў
Гэты кампанент прадугледжвае падрыхтоўку дарог і мастоў, а таксама адаптацыю інжынерных збудаванняў да значных нагрузак.
Туск: Польшча пачала інтэнсіўную працу над фартыфікацыяй мяжы з Беларуссю
Польшча ўкладзе ва ўзмацненне абароны ўсходняй мяжы 2,5 млрд даляраў