Зноў судзяць палітвязня, асуджанага на 6 гадоў. А міліцыянт, праз якога пасадзілі Ціханоўскага, хоча спагнаць з яго «маральную шкоду»
Міхаіла Тарасевіча раней асудзілі да шасці гадоў па шасці артыкулах. Цяпер дадаліся яшчэ два артыкулы.
28.05.2024 / 08:00
Міхаіл Тарасевіч. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Міхаілу Тарасевічу 48 гадоў. Ён з Мінска. Мужчыну затрымалі 10 мая 2022 і змясцілі ў СІЗА.
Яго абвінавачвалі па шасці артыкулах — «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), «гвалт або пагроза гвалту ў адносінах да службовай асобы» (ч. 1 і ч. 2 арт. 366 КК), «гвалт або пагроза гвалту ў адносінах да міліцыянта» (арт. 364 КК), «абраза суддзі» (арт. 391 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Прысуд Міхаілу вынеслі ў лістападзе 2022-га — шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама ён павінен сплаціць 49 тысяч рублёў.
Але 29 мая 2024 пачнецца чарговы суд над Міхаілам. Яго абвінавачваюць яшчэ па трох артыкулах — «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Імаверна, яго чакае павелічэнне тэрміну пакарання.
А на 19 чэрвеня 2024 запланаваны яшчэ адзін суд — «пра кампенсацыю маральнай шкоды па справах гонару і годнасці». У якасці таго, хто падаў пазоў, указаны Уладзімір Казлоўскі — міліцыянт з Гродна, які паўдзельнічаў у правакацыі супраць Сяргея Ціханоўскага. У выніку гэтай правакацыі яго затрымалі, а пасля прысудзілі 18 гадоў калоніі.
Уладзімір Казлоўскі (злева). Фота гродзенскага УУС
Агулам Казлоўскі станам на 2022 год адсудзіў у палітвязняў болей за дзесяць тысяч рублёў.
У гэты ж дзень будзе разглядацца пазоў яшчэ аднаго міліцыянта, амапаўца Яўгена Сарокіна. Згодна з каналам «Карнікі Беларусі», ён разганяў пратэсты ў Гродна.
Справа налева: гарадзенскія амапаўцы Яўген Сарокін і Вячаслаў Змітрэвіч
Гамельчука Паўла судзяць за каментары ў тэлеграме, хоць ён выдаліў акаўнт за тры гады да затрымання
67-гадовая беларуска вярнулася са Швецыі. Цяпер ёй пагражае да дзесяці гадоў турмы
Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць