Пенсіянерка аддала кур'еру ў масцы 22 тысячы рублёў. Але яго здолелі дагнаць

У Брэсцкай вобласці па гарачых слядах затрымалі кур'ера тэлефонных махляроў. Прычым мужчыну не дапамаглі нават меры канспірацыі: ён прыйшоў да сваёй ахвяры ў масцы, паведамляе прэс-служба МУС

27.05.2024 / 15:17

У міліцыю звярнулася 71-гадовая жыхарка Кобрына і распавяла, што на хатні тэлефон ёй патэлефанаваў мужчына. Ён сказаў, што яе дачка трапіла ў ДТЗ, а для лячэння патрэбныя грошы.

У выніку даверлівая пенсіянерка перадала кур'еру, чый твар быў закрыты маскай, больш за 22 тысячы рублёў.

Супрацоўнікам крымінальнага вышуку ўдалося ўстанавіць маршрут кур'ера і затрымаць яго па гарачых слядах. Аферыста ўзялі ў Бярозе — ім аказаўся 52-гадовы жыхар Мінска. Ён растлумачыў, што аб'яву аб крымінальнай падпрацоўцы знайшоў у інтэрнэце.

У Кобрыне мужчына паспеў выканаць першае заданне, а ў момант затрымання накіроўваўся на наступны адрас. Пры сабе ў яго была ўся сума, якую перадала ашуканая пенсіянерка. Так што грошы ёй вернуць.

Nashaniva.com