У Гродне мужчына моцна збіў пенсіянераў, якія сядзелі на лавачцы — яго дзяўчыне падалося, што яны не павіталіся
Зараз агрэсіўнаму гарадзенцу пагражае вялікі тэрмін.
27.05.2024 / 13:10
Фота: Міліцыя Гродна
Мужчына разам са сваёй дзяўчынай гулялі па вуліцы Савецкай у Гродне. Недалёка ад дома на лавачцы сядзела пара пенсіянераў — 64-гадовы мужчына і 77-гадовая жанчына.
Дзяўчыне нібыта здалося, што пенсіянер не павітаўся з ёй, хоць яны былі знаёмыя. Яе 37-гадоваму кавалеру гэта не спадабалася — пасля сваркі ён вырашыў збіць пажылую пару.
Мужчына, які знаходзіўся пад градусам, пачаў душыць пенсіянера, нанёс яму некалькі ўдараў палкай, а затым аналагічным чынам збіў жанчыну. Ён біў з такой сілай, што палка ў выніку зламалася.
Цяпер у дачыненні да дэбашыра распачалі крымінальную справу за асабліва злоснае хуліганства. Яму пагражае да 10 гадоў калоніі.