У Беларусі блакуюць VPN. Што адбываецца і як абысці блакаванне?
Пасля таго як пачалося галасаванне ў Каардынацыйную раду, беларусы ўнутры краіны страцілі магчымасць далучацца да некаторых VPN-правайдараў. Распавядаем, як гэта працуе і як з гэтым змагацца.
26.05.2024 / 13:20
Аўтар фота: Stefan Coders/pexels.com
У Беларусі перастаў працаваць шэраг буйных VPN-правайдараў. Адбылося гэта праз тое, што пачалося галасаванне ў Каардынацыйную раду.
Па звестках «Кіберпартызанаў», блакуюць пакуль што толькі мабільны трафік. У каментарах некаторыя чытачы паведамілі, што VPN не працавалі і ў сетцы Byfly.
Як блакуюць VPN?
Агулам, у свеце ўжываюцца два асноўныя спосабы блакавання VPN. Гэта або «пунктавае» блакаванне вядомых адрасоў, якімі карыстаецца сервіс, або поўнае блакаванне пратаколаў, па якіх камп'ютар далучаецца да VPN.
Другі спосаб у Беларусі выкарыстоўваецца рэдка і не «ўключаецца» назаўжды. Рэч у тым, што VPN карыстаюцца не толькі прыхільнікі дэмакратычных сілаў ці актывісты, але і дзяржаўныя органы ды буйныя кампаніі, асабліва ў IT-сферы (яны «прадаюць» сваіх супрацоўнікаў як рэлакантаў). У гэтым выпадку моцна б пацярпела эканоміка без сур'ёзнай перабудовы ўсёй інтэрнэт-экасістэмы, што вельмі дорага.
Таму звычайна выкарыстоўваецца спосаб блакавання па адрасах. Прасцей заблакаваць так званыя API дамены. Калі вы далучаецеся да VPN, то ён спачатку «стукаецца» да сервераў, якія выдаюць даныя да падключэння да VPN. Іх даволі лёгка адшукаць, а ў буйных правайдараў яны даўно вядомыя.
Таксама ў Расіі (у Беларусі гэтага пакуль не адбываецца) пачалі блакаваць і сярэдняй вядомасці сервісы. Калі шмат людзей злучаюцца з адным і тым жа серверам і ўсталёўваюць з ім VPN-злучэнне, то яго блакуюць.
Мінус гэтага падыходу ў тым, што эфектыўна можна заблакаваць толькі буйныя і сярэднія серверы і сэрвісы. Невялікія і створаныя ўласнаручна заблакаваць даволі складана.
Удакладненне. Некаторыя нашы чытачы паведамілі, што, падобна, блакуюцца пратаколы цалкам. Калі ў вас не працуе аніякі VPN — скарыстайцеся адразу іншымі спосабамі абыходу блакіровак.
Што рабіць, каб абысці блакаванне VPN?
Мы падрабязна пісалі пра гэта ў нашым ранейшым аглядзе, але мяркуем, што варта паўтарыць гэтую інфармацыю каротка.
Варыянты два — знайсці іншы VPN або скарыстацца сервісамі, адмыслова створанымі для абыходу блакіровак.
Калі вы карысталіся заблакаваным сэрвісам, то можаце пашукаць іншы. Існуе гэтая табліца, дзе параўноўваюцца больш за 190 сервісаў. Некаторыя з іх ужо не працуюць, але варта вывучыць яе падрабязна.
За большасць добрых VPN давядзецца заплаціць. Спіс VPN, якія лічаць надзейнымі праваабаронцы — тут.
Калі вам не пасуе варыянт са звычайным VPN, то скарыстайцеся сэрвісамі для абыходу блакавання. Самыя вядомыя і надзейныя: Tachyon (спасылкі для Android, IoS і Mac), TOR (інструкцыя па абыходзе блакавання), Lantern (Android, IoS) і Psiphon.
Калі сайты сэрвісаў заблакуюць, то ёсць магчымасць спампаваць кліент праз паштовы запыт. Для TOR дашліце e-mail з назвай вашай аперацыйнай сістэмы (Windows, Android, Mac, Linux) на адрас gettor@torproject.org. Для Psiphon дашліце пусты ліст на адрас get@psiphon3.com.
Таксама некамерцыйная арганізацыя Роскамсвабода распрацавала адмысловы дадатак для браўзераў для абыходу забаронаў. Ён даступны для Firefox і Chrome.
Такі ж дадатак стварыў іншы чалавек, але ён менш папулярны і мы не ведаем, каб яго нехта правяраў. Затое ён даступны для Firefox, Edge, Opera і Chrome.
Таксама вы можаце стварыць уласны VPN-сервіс. Тут мы тлумачылі як гэта зрабіць з дапамогай Outline або Amnezia.
Ініцыятыва CyberBeaver раіць мець некалькі сервісаў адразу, каб можна было сярод іх пераключацца. «Кіберпартызаны» параілі шукаць незаблакаваны VPN метадам перабору або скарыстацца TOR.
Не варта замест VPN карыстацца ноўнэйм-сервісамі з Google Play або першай спасылкі Google
Карыстацца ноўнэйм-сервісамі з Google Play або першай спасылкі Google не варта. Яны могуць перапрадаваць вашы звесткі, быць ненадзейнымі або фішынгавымі, г.зн. красці вашы звесткі і паролі.
У Расіі масава блакуюць ВПН-сервісы. Што рабіць, калі пачнуць і ў нас?
Як уласнымі рукамі стварыць VPN-сервер, які цяжка будзе заблакаваць — падрабязны гайд
Як чытаць незалежныя СМІ і не падстаўляцца — падрабязны гайд
Многія VPN збіраюць даныя і могуць перадаць іх сілавікам. Расказваем, як ад гэтага абараніцца і пералічваем надзейныя бясплатныя VPN