Расійскі ўдар знішчыў друкарню ў Харкаве, дзе публікаваліся кнігі Алексіевіч
Дыпламаты, навукоўцы, журналісты, прадстаўнікі культуры і літаратуры заходніх краін заявілі аб сваёй падтрымцы харкаўскага выдавецтва Vivat, чыю друкарню абстралялі ўчора расійскія войскі.
24.05.2024 / 15:49
AP Photo/Andrii Marienko
Расіяне ў ноч на 23 мая разбамбілі ў Харкаве выдавецтва — 7 супрацоўнікаў загінулі, 14 параненыя. Адна ракета пацэліла ў цэнтр цэху. З чатырох тысяч квадратных метраў зруйнавалі больш за тысячу. Гэта быў найбольшы паліграфічны комплекс поўнага цыклу ў Еўропе, у якім друкаваліся амаль усе выдавецтвы Украіны, піша Радыё Свабода.
У гэтым выдавецтве ў 2016 і 2020 годзе выдалі ўкраінскія пераклады кніг Нобэлеўскай ляўрэаткі Святланы Алексіевіч — «Останні свідки. Соло для дитячого голосу», «У війни не жіноче обличчя», «Чорнобильська молитва. Хроніка майбутнього».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі апублікаваў відэазапіс зруйнаванай друкарні.
«Удар Расіі па Харкаўскай вобласці, у выніку якога загінулі і параненыя людзі, зруйнаваная друкарня і спалена 50 тысяч кніг, дэманструе, што Расія ваюе з чалавечнасцю і ўсімі аспектамі нармальнага жыцьця. Расейскія тэрарысты забіваюць дарослых і дзяцей, руйнуюць гарады і вёскі, пакідаючы выпаленыя плямы там, дзе некалі было нармальнае жыцьцё», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Брытанскі гісторык, экспэрт па Усходняй Еўропе, Тымаці Гартан Эш, кнігу якога нядаўна выдалі ва Ўкраіне, заявіў, што яго шакаваў абстрэл друкарні.
«Шакаваны, калі даведаўся, што друкарня ў Харкаве, дзе толькі нядаўна надрукавалі выданьне «Рідні землі», пацярпела ад расейскай атакі, якая прывяла да ахвяр. Мы павінны больш абараняць Украіну», — напісаў ён на сваёй старонцы ў сетцы X (колішні Twitter).