Байдэн прапусціць саміт міру па Украіне ў Швейцарыі. Ён перасякаецца з перадвыбарчым мерапрыемствам па зборы грошай у Каліфорніі

Не будзе на саміце ў Швейцарыі і віцэ-прэзідэнта ЗША Камалы Харыс.

24.05.2024 / 12:05

Джо Байдэн. Фота: Susan Walsh / AP

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, хутчэй за ўсё, прапусціць глабальны «саміт міру» ў Швейцарыі, бо ён перасякаецца з яго мерапрыемствам па зборы сродкаў на перадвыбарчую кампанію, якое пройдзе ў Каліфорніі, піша Meduza са спасылкай на Bloomberg.

Таксама на саміце, паводле звестак суразмоўцаў Bloomberg, не будзе віцэ-прэзідэнта ЗША Камалы Харыс.

Саміт у Швейцарыі пройдзе 15-16 чэрвеня, а папярэднічаць яму будзе сустрэча лідараў краін G7 у Італіі. На ёй прысутнасць Байдэна плануецца, аднак 15 чэрвеня ён збіраецца вылецець у Лос-Анджэлес.

Разам з ім у Каліфорніі на мерапрыемстве па зборы сродкаў будуць акцёры Джордж Клуні і Джулія Робертс, а таксама былы прэзідэнт ЗША Барак Абама і вядучы вячэрняга тэлешоу Джымі Кімэл.

Гэтае рашэнне, як піша Bloomberg, падкрэслівае прыярытэт перадвыбарнай кампаніі для Байдэна — асабліва на фоне таго, як адзначае выданне, што ў мінулым месяцы яго канкурэнт Дональд Трамп упершыню абагнаў яго ў фандрайзінгу, сабраўшы 76 мільёнаў даляраў супраць 51 мільёна.

Глабальны саміт, на якім плануецца абмеркаваць намаганні краін па дасягненні міру ва Украіне, быў запланаваны яшчэ ў пачатку 2024 года. На яго запрошаны больш за 160 дзяржаў, свой удзел ужо пацвердзілі каля 70. Краіны «глабальнага Поўдня» таксама атрымалі запрашэнні, аднак Кітай, найбуйнейшая з нейтральных дзяржаў, якія падтрымліваюць стасункі з Расіяй падчас вайны, удзельнічаць у саміце не будзе.

Расію на саміт не запрасілі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі тлумачыў, што гэта зроблена з боязі таго, што расійскі бок «усё заблакуе, усё сарве» і казаў, што прыцягнуць Расію да абмеркавання плануецца ўжо на наступным этапе, калі будуць выпрацаваныя асноўныя прынцыпы пагаднення.

У Расіі заявілі, што не прымуць запрашэнне, нават калі атрымаюць яго. «Яны нас не запрашаюць. Больш за тое, кажуць, што яны нас там не бачаць. Ну не бачаць, не трэба», — заявіў Уладзімір Пуцін наконт адмовы запрасіць Расію на саміт.

Раней ад удзелу ў саміце адмовіліся прэзідэнты Бразіліі і ПАР.

Зяленскі пра саміт у Швейцарыі: Запрошаныя кіраўнікі дзяржаў з усіх кантынентаў

Зяленскі: Сусветная большасць павінна прымусіць Расію да міру, шлях можа пачацца ў чэрвені 

Кулеба: Украіна можа пачаць перамовы з Расіяй пасля чэрвеньскай канферэнцыі ў Швейцарыі

Nashaniva.com