Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч перанёс інфаркт
Аб шпіталізацыі заслужанага каталіцкага іерарха нічога не паведамлялася.
24.05.2024 / 09:30
Тадэвуш Кандрусевіч. Фота: Наша Ніва
Арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч нядаўна выйшаў са шпіталя пасля перанесенага інфаркту і аперацыі на сэрцы. Пра гэта стала вядома 23 мая са згадкі ў публікацыі Catholic.by аб сустрэчы духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Будславе.
Аб шпіталізацыі заслужанага іерарха нічога не паведамлялася, таксама не было і закліку да вернікаў аб малітве за выздараўленне арцыбіскупа-эмерыта, піша katolik.life.
З 8 красавіка па 15 мая інфармацыі аб адпраўленні святой імшы арцыбіскупам Тадэвушам не з'яўлялася.
Нагадаем, заслужанаму іерарху — 78 гадоў. У лютым 2024 года ён трапіў у бальніцу з дыягназам мігацельная арытмія сэрца і праходзіў курс лячэння — тады медыкі паспяхова прывялі ў норму рытм сэрца.
У лютым 2023 года арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч перанёс аперацыю па выдаленні пухліны.