Стартапер вярнуўся з Дубая. Цяпер у яго два палітычныя артыкулы і адзін наркатычны
Выпускніку вайсковага факультэта БДУ Вадзіму Даўгучыцу пагражае да васьмі гадоў калоніі.
24.05.2024 / 07:30
Вадзім Даўгучыц. Фота з ягонага фэйсбуку
Мужчыну клічуць Вадзім Даўгучыц. Яму 34 гады. Ён родам з Асаўца, вёскі ў Любанскім раёне Мінскай вобласці. Пасля 9-га класа паступіў у Смілавіцкі аграрны каледж на пчалавода.
А ў 2010-м Даўгучыц пайшоў на вайсковы факультэт БДУ на агульнавайскавую падрыхтоўку. Ён мусіў пасля адпрацоўваць пяць гадоў, але сыйшоў у IT. Імаверна, яшчэ не вярнуў грошы да канца — у маі 2023-га ён праз суд прасіў так званы выканаўчы ліст.
На 2019-ы ён заснаваў платформу IQeon, сэнс якой быў у тым, што можна было гуляць, атрымліваць крыптавалютныя токены і пасля мяняць іх на рэальныя грошы. У 2019-м выйшаў з праекта. Таксама сярод яго бізнэсаў — платформа IQClash OU, якая стварала гульні.
Цяпер у Linkedin Даўгучыц пазначаная кампанія MyProfit, праекта, які мусіць дапамагаць інвестарам правільна ўкладаць грошы.
Вадзім шмат вучыўся і мае досвед у IT, бізнэс-аналітыцы і блакчэйне.
Сярод яго месяцаў жыхарства цягам апошніх гадоў — Рыга, Талін і Дубай. Невядома, ці вяртаўся ён у Беларусь у гэты час, але пастаянна там не жыў, у гэтых краінах зарэгістраваныя ягоныя кампаніі.
Яго вінавацяць па трох артыкулах — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК), «фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання» (361-2 КК, страціла сілу ў маі 2021-га), «незаконныя дзеянні з наркотыкамі з мэтай распаўсюду» (ч. 2 арт. 328 КК). Апошні артыкул часцей за ўсё атрымліваюць тыя, хто купляе наркотыкі для сяброў у кампаніі або каб проста ўжыць іх сумесна, што выяўляюць па перапісках — закладчыкаў караюць больш сурова.
Суд над Вадзімам пачаўся 22 мая ў Мінскім гарадскім судзе. Вадзіму пагражае да васьмі гадоў калоніі.
67-гадовая беларуска вярнулася са Швецыі. Цяпер ёй пагражае да дзесяці гадоў турмы
Гамельчука Паўла судзяць за каментары ў тэлеграме, хоць ён выдаліў акаўнт за тры гады да затрымання
Каго садзяць за данаты, а каму дазваляюць адкупіцца. Вось якая логіка