Лагер, варштаты, настольныя гульні — і ўсё па-беларуску. У Беластоку бацькі аб’ядналіся, каб іх дзеці ведалі сваю мову і традыцыі
У польскім Беластоку школьнікі з беларускай меншасці могуць вывучаць родную мову. Гэтага яшчэ 26 гадоў таму дамагліся бацькі. А пазней яны стварылі аб’яднанне АБ-БА (АБ’яднанне БАцькоў), каб засвойванне беларускай мовы і культуры было больш вясёлым і прывабным для дзяцей. Most пагаварыў са старшынёй АБ-БА Томашам Герасімюком пра праекты аб’яднання, адносіны з дыяспарай і пра тое, як зацікавіць дзяцей беларускай мовай і культурай.
22.05.2024 / 22:01
Адкуль тут столькі беларускага
Афіцыйна АБ-БА ўзнікла ў 2006 годзе. Але гісторыя арганізацыі пачалася ў 1995 годзе, калі жыхары Беластока дабіліся адкрыцця беларускамоўных груп у дзіцячым садку №14. Пазней дзякуючы іх намаганням выкладанне беларускай мовы з’явілася таксама і ў пачатковай школе №4.
— Яны хацелі даць дзецям магчымасць развіцця, каб вывучэнне гэтай мовы было больш прывабным, цікавым, каб дзеці мелі ад яе задавальненне, — тлумачыць Томаш.
Ствараць актыўнасці для дзяцей аб’яднанне пачало задоўга да свайго афіцыйнага ўзнікнення. Напрыклад, тэатральны гурток «Гульня ў тэатр» узнік яшчэ ў 1997 годзе, і зараз налічвае ў сваім рэпертуары больш за 20 пастановак.
У 2000-2010-х на базе школы №4 з’явілася студыя беларускага фальклору, вакальная група «Баламуткі», а таксама ансамбль танца «Падляшскі вянок», які выступае на міжнародных конкурсах і прывозіць адтуль узнагароды.
Арганізаваны аб’яднаннем АБ-БА канцэрт, прысвечаны 25-годзю навучання беларускай мове ў Беластоку. Чэрвень 2023 года. Фота са старонкі АБ-БА ў фэйсбуку
Да таго ж удзельнікі аб’яднання на працягу двух гадоў ездзілі ў падляшскую вёску Тэраміскі і збіралі там успаміны мясцовых жыхароў, фатаграфіі, дакументы, вывучалі народныя песні. Вынікам гэтай працы стала кніга і спектакль «Ой, даўно, даўно… Беларускія гісторыі з Падляшша».
— Таксама ў нас ёсць летнія этнаграфічныя варштаты, якія мы называем проста «летнікі», — гэта калі дзеці едуць у летні лагер і пазнаюць там мясцовую беларускую культуру, традыцыю, гісторыю, можна так сказаць, на практыцы. Яны вучацца маляваць, выконваюць пластычныя працы, робяць розныя праекты, — расказвае Томаш.
Дзякуючы АБ-БА з’явіліся і падручнікі па беларускай мове для 1-6 класаў. Іх напісала настаўніца школы № 4 Аліна Ваўранюк. А яшчэ кожныя паўгода аб’яднанне выдае часопіс «Беларускі настаўнік».
Таксама свет пабачылі розныя выданні, у тым ліку некалькі дыскаў з народнымі песнямі, дзіцячая кніжка «Прыгоды мышкі Пік-Пік» і кніга твораў Марыі Базылюк-Саснюк, настольныя гульні «У або Ў» і «Ад Буга за Нарву».
Новы падручнік па беларускай мове для шостых класаў «Слова да слова», дапаможны дыск с песнямі да яго, і нумар часопісу «Беларускі настаўнік». Студзень 2024 года. Фота са старонкі АБ-БА ў фэйсбуку
Не толькі для меншасці, але і для дыяспары
Дзейнасць аб’яднання АБ-БА часткова фінансуецца са сродкаў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства нацыянальнай адукацыі, маршалка Падляшскага ваяводства і прэзідэнта Беластока. Грошы выдаюцца пад канкрэтныя праекты.
Па словах старшыні аб’яднання, сродкі выдаткоўваюць і самі бацькі. Напрыклад, для пакупкі танцавальных касцюмаў, паездак на выступы. Удзел у этнаграфічным летніку «таксама патрабуе фінансавага ўдзелу з боку бацькоў».
— Трэба разумець, што наша аб’яднанне створанае бацькамі дзяцей і функцыянуе дзякуючы ім, — тлумачыць Томаш. — Мы не з’яўляемся інстытуцыяй, якая мае пастаяннае фінансаванне, офіс і кола супрацоўнікаў, якія б маглі выконваць нейкія заданні. Усё, што робіцца, робяць бацькі, якія працуюць на іншых працах і маюць іншыя абавязкі. Ёсць толькі ідэя бацькоў, пошук сродкаў на гэтую ідэю і рэалізацыя гэтай ідэі.
Летнік малодшай групы. Чэрвень 2023 года. Фота са старонкі АБ-БА ў фэйсбуку
Старшыня таксама падкрэслівае, што аб’яднанне, хоць і працуе ў школе №4 і падтрымлівае яе, але не з’яўляецца часткай ці органам гэтай навучальнай установы. Таму папулярызацыя беларускай культуры не абмяжоўваецца толькі сценамі школы. Асабліва добра гэта атрымліваецца ў ансамбля «Падляшскі вянок», які налічвае больш за 50 удзельнікаў, у тым ліку з іншых навучальных устаноў і нават з кола беларускай дыяспары.
— Мы ведаем, што дзеці, якія не вучацца ў школе №4, хацелі б быць удзельнікамі нашых праектаў, але ёсць патрабаванні і правілы, якія могуць гэтага не дазваляць. Але там, дзе яны дазваляюць, мы стараемся даваць магчымасць далучацца і дзецям, якія не вучацца ў «чацвёрцы», — запэўнівае старшыня аб’яднання.
АБ-БА ў асноўным дзейнічае для беларускай меншасці, то-бок грамадзян Польшчы, якія з’яўляюцца этнічнымі беларусамі. Але ў аб’яднанні хочуць, каб дзецям беларускіх эмігрантаў таксама далі магчымасць вывучаць родную мову ў польскіх школах.
— Польскія законы не абмяжоўваюць удзел дзяцей ва ўроках беларускай мовы, калі бацькі склалі адпаведную заяўку, — тлумачыць Томаш. — Але калі ў дзіцяці няма польскіх дакументаў, гміна ці арганізацыя, якая вядзе навучанне, не атрымае даплаты ад Міністэрства адукацыі. Гэта варта разумець і падымаць у размовах, каб як мага хутчэй уключыць дзяцей дыяспары ў сістэму навучання роднай мовы.
Фота са старонкі АБ-БА ў фэйсбуку
Усё менш дзяцей хочуць вывучаць мову продкаў
Па словах Томаша Герасімюка, зараз у школе №4 каля 50 дзяцей вывучае беларускую мову. І большасць з іх прымае ўдзел у праектах АБ-БА. Але мужчына адзначае, што з кожным годам усё менш дзяцей хочуць вывучаць мову продкаў.
— Мы стараемся заахвочваць бацькоў, каб дзеці не забывалі гэтай мовы, каб яна не загінула, — дзеліцца старшыня аб’яднання.
Ён дадае, што вельмі шмат залежыць аб бацькоў — ад таго, ці хочуць яны быць часткай беларускай меншасці, ці адчуваюць сябе беларусамі, ці ўжо не.
— Можа, гэта праблема зручнасці для дзяцей, якія не хочуць вучыць дадаткова мову, ці, скажам, адчуванне, што беларуская мова не спатрэбіцца, — разважае Томаш.
Аб’яднанне АБ-БА будзе працягваць рабіць усё, каб навучанне беларускай мове працягвалася ў школах Падляшша. Напрыклад, ёсць вялікае жаданне арганізаваць варштаты ці канферэнцыю для настаўнікаў з падляшскіх гмін, каб іх падбадзёрыць, даць новыя прылады.
— Мы выдаём часопіс «Беларускі настаўнік» для тых, хто вучыць беларускай мове, — кажа Томаш. — Але незразумела, ці тая інфармацыя дасягае сваёй мэты. І з дапамогай такіх спатканняў, варштатаў мы маглі б атрымаць зваротную сувязь. Мы маглі б расказаць пра нашу дзейнасць, расказаць, як можна зрабіць выкладанне беларускай мовы больш прывабным. Мы маглі б абменьвацца вопытам.
Старшыня аб’яднання ўпэўнены, што выкладанне беларускай мовы ў школах Падляшша дае свае вынікі. Частка выпускнікоў такіх устаноў зараз самі актыўна ўдзельнічаюць у беларускім жыцці, у тым ліку і ў дзейнасці АБ-БА.