«Цэны на ваду выраслі амаль у два разы». Беларускі расказалі, на чым ім цяпер даводзіцца ашчаджаць

Выданне CityDog.io спыталася ў сваіх чытачоў з Мінска, на чым ім зараз даводзіцца ашчаджаць. Сітуацыі ва ўсіх розныя: калі адным прыйшлося проста з таксі перасесці на грамадскі транспарт, то іншым — урэзаць рацыён або туліцца ў «аднапакаёўцы» на ўскраіне.

22.05.2024 / 21:37

Таццяна (38 гадоў), выкладчыца: «Давялося выключыць з рацыёну некаторую садавіну і чырвоную рыбу»

Каля года таму Таццяна стала ашчаджаць на ежы. Галоўнай прычынай такіх зменаў стала павышэнне цэнаў на прадукты.

«Пачала купляць толькі самае неабходнае, без празмернасцяў. Прыбрала з рацыёну частку даражэйшай садавіны, чырвоную рыбу і іншае. Калі розніца ў кошце істотная, то замест тавараў замежнай вытворчасці выбіраю айчынныя. У цэлым, харчаванне стала менш разнастайным».

Юлія (46), дызайнерка: «Эканоміць на прадуктах можна і трэба»

Юлія лічыць, што эканоміць на ежы можна і нават трэба: напрыклад, купляць сезонныя прадукты не толькі больш выгадна фінансава, але і больш карысна.

«Я не ем фастфуд, гатую простыя стравы з сезоннай гародніны. Не купляю каўбасы, сасіскі, соусы і маянэзы. Прычым не абавязкова шукаць ежу на зніжках. Можна проста не купляць лішняга і непатрэбнага.

Лепш купіць кавалак ялавічыны, чым паўфабрыкаты ці вэнджанае. Здаравей спячы тварожную запяканку, чым на перакус браць у краме гатовыя сэндвічы ці салаты з маянэзам. Гэта і танней, і здаравей».

Настасся (22 гады), студэнтка: «Новае адзенне купляю толькі ў крайнім выпадку»

Настасся вучыцца на шостым курсе медуніверсітэта, у вольны час падзарабляе медсястрой. Даход у дзяўчыны не вельмі вялікі, таму даводзіцца эканоміць — на вопратцы.

«Без новай спадніцы пражыць можна, а вось без якаснага харчавання, адпачынку, медабследаванняў — складаней. Насамрэч, калі забяспечаныя базавыя запатрабаванні, то новае адзенне не так ужо і важнае. Хіба што толькі для новых фота. Але я не аматарка фотасесій і вядзення інстаграма, таму ў гэтым сваім абмежаванні адчуваю сябе добра.

Імкнуся насіць рэчы з мінулага сезона або па-рознаму камбінаваць тое, што ўжо ёсць — ідэі гляджу ў інтэрнэце. Калі трэба, то рамантую, падшываю старыя штаны ці сукенкі, каб не купляць новыя. Часам магу дакупіць аксэсуары ў выглядзе хустачкі або новых акуляраў. Адзенне купляю толькі ў выпадку крайняй неабходнасці».

Вікторыя (36 гадоў), спецыялістка па банкаўскіх паслугах: «Цэны на ваду выраслі амаль у два разы»

Вікторыя з сям’ёй жыве ва ўласнай аднапакаёвай «сталінцы» і кажа, што апошнім часам вельмі моцна выраслі цэны на ваду. Напрыклад, у красавіку за камуналку заплацілі 142 рублі, з іх амаль палова — за халоднае і гарачае водазабеспячэнне.

«Раней мы жылі ўчатырох у двухпакаёвай кватэры, за камуналку плацілі 80 рублёў. Цяпер таксама ўчатырох, але ў «аднапакаёўцы» — і плацім ледзь не ў два разы больш. Лічу, што цэны на ваду занадта высокія цяпер. Даводзіцца скарачаць час мыцця для кожнага чальца сям’і. Душ — не больш за 15-20 хвілін, ванну набіраем толькі для дзіцяці раз на месяц.

Часта з-за такіх цэнаў даводзіцца эканоміць на іншых выдатках, каб усё сышлося. Напрыклад, з ежы бярэм толькі самае базавае, а прадукты — адныя з таннейшых. Гардэроб увесь час абнаўляецца толькі ў дзіцяці, якое расце. У астатніх — калі грошы застаюцца».

Аліна (21 год), перакладчыца: «Не можам сабе дазволіць зняць з сяброўкай «двушку», таму жывем у адным пакоі»

Аліна з суседкай зараз заканчваюць універсітэт у Мінску і толькі нядаўна пачалі працаваць. Нейкія зберажэнні ў дзяўчат былі, але на тое, каб зняць вялікую кватэру і за раз заплаціць за першы месяц арэнды ды ўнесці заклад, не хапала. Абцяжарваць бацькоў студэнткі не хацелі, таму знялі тое, што было даступна — аднапакаёўку ў раёне МКАДа.

«Калі пачалі шукаць жыллё, спачатку мы летуценна глядзелі на «двушкі» каля метро ці недалёка ад цэнтра. Але нашыя мары хутка разбіліся аб рэальнасць — цэны за такія кватэры нам проста не пацягнуць. У выніку вырашылі здымаць аднапакаёўку і жыць, па сутнасці, без асабістай прасторы. Хоць нам і не прывыкаць: да гэтага мы 4 гады жылі ў студэнцкім інтэрнаце ў пакоі на чацвярых і потым яшчэ год удваіх.

Месцазнаходжанне кватэры не вельмі добрае: гэта амаль МКАД, каля дома ходзяць толькі два тралейбусы, на якіх зручна дабірацца максімум да метро «Пятроўшчына». Не ахвяравалі мы, так бы мовіць, толькі рамонтам: у кватэры мы другія, таму жывем прыгожа, але далёка і цесна. Затое грошай плацім мала: крыху больш за 100$ у месяц з чалавека.

Безумоўна, шмат чаго хацець мы і не маглі: толькі заканчваем універсітэт, пачынаем працу, а маладым спецыялістам не плацяць шалёныя грошы — асабліва калі гэта спецыялісты-лінгвісты».

Кацярына (23 гады), маркетолаг: «Раней на таксі ездзіла кожны дзень, цяпер толькі ў крайніх выпадках»

Кацярыне даводзіцца эканоміць на таксі. Калі раней яна карысталася паслугамі перавозчыкаў кожны дзень і траціла на гэта каля 350 руб. у месяц, то цяпер кажа, што безлімітны праязны, які акупляецца за тыдзень, — проста знаходка.

«Я пераехала ў кватэру крыху далей ад цэнтра, а праца знаходзіцца на іншым канцы горада. Да гэтага я кожны дзень ездзіла на таксі: гатовая была выдаткаваць ад 5 да 10 руб. за паездку. У апошні час попыт амаль заўсёды падвышаны, кошт паездкі выходзіць ад 15 руб., таму таксі выклікаю ў крайніх выпадках: напрыклад, калі праспала ці еду на вечарынку ўначы. У астатніх выпадках дапамагае праязны на грамадскі транспарт. Добра яшчэ, што атрымалася так выбудаваць графік працы, каб не ездзіць у гадзіны пік».

«Злуйцеся, плачце, крэсліце — толькі пражывіце ўсе эмоцыі». Псіхолаг — пра тое, чаму нас не адпускаюць гісторыі з былымі

«Пабудую кар'еру пасля 30-ці». Айцішніца патлумачыла, чаму плюнула на працу і занялася выхаваннем дзіцяці

Nashaniva.com