У Расіі паказалі новыя аўтамабілі «Волга». Ну як новыя? Гэта скапіяваныя кітайскія Changan

У Ніжнім Ноўгарадзе прэзентавалі адразу тры новыя аўтамабілі Volga: седан Volga С40 і два красоверы Volga К30 і Volga К40. 

23.05.2024 / 09:33

Фота: Максім Стуліў / Ведамасці

Зноў Кітай

Пра планы адрадзіць выпуск аўтамабіляў пад брэндам «Волга» ўсур'ёз загаварылі яшчэ летам 2022 года. Адбылося гэта пасля таго, як сусветныя аўтавытворцы пачалі сыходзіць з Расіі ў адказ на ваенную агрэсію супраць Украіны. Прэзентавалі навінку амаль праз два гады пасля агучвання планаў.

Праўда, па факце, публіцы паказалі не нешта новае, а тры аўтамабілі кітайскага брэнда Changan, толькі выпушчаныя пад уласным брэндам.

Ад арыгінальных мадэляў расійскія «Волгі» адрозніваюцца толькі радыятарнай рашоткай і шыльдзікамі. Першым плануюць наладзіць выпуск седана С40. Пачатак вытворчасці красовераў К30 і К40 запланаваны на пачатак 2025 года.

 

Фота: Максім Стуліў / Ведамасці

Замест VW i Skoda

Раней па падобнай схеме ў Расіі «адрадзілі» брэнд «Масквіч», якія цяпер збіраюць на магутнасцях былога завода Renault у Маскве. Як і ў выпадку з «Волгай», расійскага там толькі назва. Мяркуецца, што зборка новай «Волгі» будзе адбывацца ў цэхах, дзе да вайны збіралі аўтамабілі Volkswagen Group.

Адметна, што ў гэтага расійскага аўтавытворцы ўжо быў досвед выпуску іншамарак пад уласным брэндам. Так, у 2008-2010 на магутнасцях завода ў Ніжнім Ноўгарадзе наладзілі выпуск седана Volga Siber, які з'яўляўся копіяй Chrysler Sebring. Той выпускаўся ў Штатах з 2001 года. 

Chrysler Sebring і Volga Siber. Фота: av.by

Тады першапачаткова планавалася, што ў 2008 годзе будзе выпушчана 10 000 аўтамабіляў Volga Siber, а ў 2009 годзе — 45 000. Рэальныя лічбы вытворчасці аказаліся куды больш сціплымі. У перыяд з 2008 па 2010 гады, было выпушчана ўсяго 8933 адзінкі Volga Siber.

На гэтым вытворчасць аўто пад брэндам Volga спынілася. Калі браць чыстакроўныя «Волгі», то іх перасталі выпускаць яшчэ раней — у 2009-м.

ГАЗ-31105. 2003-2009 гадоў выпуску. Фота: av.by

Такім чынам, атрымліваецца, што ГАЗ-31105 стала апошняй сапраўднай «Волгай» у гісторыі брэнда.

LADA аднавіла выпуск усяго мадэльнага раду. Цана на папулярную Lada Largus — космас

Старыя аўто ў Беларусі часам каштуюць у 4 разы даражэй, чым у Літве

Nashaniva.com