Ціханоўская: Забралі ў Азарава доступ да чат-бота «Перамога»

Святлана Ціханоўская пракаментавала «Люстэрку» рассылку паведамленняў удзельнікам плана «Перамога» з заклікам удзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду і галасаваць за блок Аляксандра Азарава. Па словах кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета, пасля гэтага Азарава пазбавілі доступу да чат-боту плана «Перамога».

22.05.2024 / 14:19

Святлана Ціханоўская. Фота: офіс палітыка

Святлана Ціханоўская сцвярджае, што рассылка не была ўзгодненая ні з яе Офісам, ні з Абʼяднаным пераходным кабінетам. 

— Гэта злоўжыванне, якое можа паставіць пад пагрозу людзей унутры краіны, — заявіла лідарка дэмсіл. 

Ціханоўская таксама расказала, якія наступствы гэта будзе мець для кіраўніка Байпол: 

— Пасля рассылкі паведамлення Аляксандр Азараў быў пазбаўлены доступу да чат-бота да высвятлення абставінаў. Адзначу, што чат-бот — не тое самае, што план «Перамога». Гэта найперш інструмент для камунікацыі ў надзвычайных сітуацыях. 

У ноч з 21 на 22 траўня зарэгістраваныя ў плане «Перамога» людзі атрымалі паведамленні з заклікам удзельнічаць у выбарах новага складу Кардынацыйнай рады і галасаваць за спіс «Закон і правапарадак», які ўзначальвае кіраўнік Байпол Аляксандр Азараў. У каментары «Белсату» ён пацвердзіў, што рассылку сапраўды ініцыяваў Байпол. 

Сёння Байпол апублікаваў прэс-рэліз, у якім патлумачыў рассылку жаданнем прыцягнуць увагу да выбараў у КР. Арганізацыя ніяк не пракаментавала, што падвергла рызыцы людзей у Беларусі. 

Выбары ў Каардынацыйную раду трэцяга склікання пройдуць у выходныя. Галасаванне пачнецца ў суботу 25 траўня і будзе працягвацца да 27 траўня 2024 года. Ужо зʼявіўся спецыяльны мабільны дадатак для выбараў.

«Хацелі прыцягнуць увагу да выбараў у КС». Байпол адказаў на крытыку выкарыстання чат-бота плана «Перамога»

Падпісаным на план «Перамога» прыйшло апавяшчэнне: галасуйце за Азарава. Што адбываецца і ў чым небяспека

Nashaniva.com