Чатыры краіны ЕС прапанавалі адмяніць бязвізавы рэжым з Грузіяй, калі Тбілісі прыме закон аб замежных агентах

Еўрапейскія краіны разглядаюць розныя меры ціску на грузінскі ўрад.

22.05.2024 / 12:24

Фота: Эхо Кавказа

Чатыры краіны Еўрасаюза — Эстонія, Нідэрланды, Чэхія і Швецыя — прапануюць адмяніць бязвізавы рэжым для грамадзян Грузіі, калі грузінскія ўлады прымуць закон аб «замежных агентах», піша Радыё Свабода.

Еўрапейскія краіны разглядаюць «розныя меры ціску на грузінскі ўрад», гавораць чыноўнікі, знаёмыя з пытаннем. Сярод іншых мер — кропкавыя санкцыі і замарозка выдзялення сродкаў з фондаў Еўрасаюза. Ініцыятары жадаюць абмеркаваць іх на сустрэчы міністраў замежных спраў ЕС ужо на наступным тыдні.

Для прыняцця рашэння спатрэбіцца згода ўсіх 27 краін Еўрасаюза. Аднак, па звестках The Financial Times, як мінімум адна краіна — Венгрыя — падтрымлівае грузінскі ўрад і нават прапануе ўсім краінам ЕС прыняць аналагічны.

Раней Еўракамісія заклікала грузінскія ўлады адмовіцца ад прыняцця закона «Аб празрыстасці замежнага ўплыву», які крытыкі называюць аналагам рэпрэсіўнага расійскага закона аб замежных агентах. Еўракамісія зазначыла, што рашэнне «негатыўна паўплывае на еўрапейскія перспектывы Грузіі», бо законапраект падрывае грамадзянскую супольнасць і пагражае свабодзе СМІ. У мінулым годзе Грузія атрымала статус кандыдата на ўступленне ў Еўрасаюз, але перамовы аб ім яшчэ не пачаліся.

Таксама ад прыняцця закона заклікалі адмовіцца ЗША, прыгразіўшы перагледзець шматмільённыя праграмы дапамогі Грузіі і ўвесці санкцыі супраць датычных да рэпрэсій у дачыненні да пратэстоўцаў. Ініцыятар законапраекта — кіруючая «Грузінская мара» — асудзіла міжнародны ціск.

На мінулым тыдні, 14 траўня, грузінскі парламент ухваліў законапраект аб «замежных агентах» у трэцім, канчатковым, чытанні. Прэзідэнт Грузіі Саламе Зурабішвілі наклала на яго вета. У «Грузінскай мары» ёсць дастаткова галасоў у парламенце, каб прэзідэнцкае вета пераадолець.

Абмеркаванне законапраекта суправаджаецца шматтысячнымі пратэстамі ў Тбілісі і ў іншых гарадах краіны. Дзесяткі тысяч пратэстуючых ужо больш за месяц выходзяць на вуліцы са сцягамі Грузіі і Еўрасаюза і патрабаваннем не прымаць «расійскі закон». На пратэстах здараліся сутычкі з паліцыяй — тая прымяняла сілу і затрымлівала пратэстоўцаў, якія, на яе думку, парушалі грамадскі парадак. У краіне таксама праходзіла студэнцкая забастоўка супраць законапраекта аб «іншаагентах».

Прэзідэнт Грузіі заклікала Макрона прыехаць у Тбілісі на фоне пратэстаў

На пратэст у Тбілісі супраць «закона аб іншагентах» выйшла 200 тысяч чалавек

У Грузіі шпіталізавалі 8 пратэстоўцаў супраць закона аб іншагентах

Nashaniva.com