Сілавікі выклалі «базы падпісантаў незалежных медыя». Разабраліся, што гэта і як абараніць сябе

У базе больш за 46 тысячаў тых, хто лайкаў у інстаграме «Нашу Ніву», і больш за 220 тысячаў тых, хто ставіў лайкі «Люстэрку». Распавядаем, як збіраюцца такія базы, як абараніцца ў Інстаграме і як цалкам выдаліць свой акаўнт.

21.05.2024 / 21:00

Калаж «Нашай Нівы»

У каналах, звязаных з ГУБАЗіК і дзяржаўнымі прапагандыстамі, з'явіўся «спіс падпісантаў экстрэмісцкіх рэсурсаў». Ён апублікаваны ад імя «неабыякавага грамадзяніна, на жыццё якога змагары паўплывалі ў дрэнны бок», але мы мяркуем, што гэта справа рук ГУБАЗіК — яны першыя і пачалі распаўсюджваць гэтую інфармацыю.

У каналы выклалі дзве табліцы з назвамі «Наша Ніва» (UPD: лепш не спампоўвайце файлы, некаторыя антывірусы бачаць у іх шкодныя ўбудаванні). Першая — гэта акаўнты, якія лайкалі нашы публікацыі ў інстаграме за ўвесь час, яна налічвае больш за 46 тысяч радкоў. Другая — гэта ўсе людзі, якія нешта каментавалі, больш за 10 тысяч акаўнтаў.

Мы пераправерылі «спісы падпісантаў незалежных медыя» і загрузілі іх у воблака, каб можна было праглядаць бяспечна

У табліцы ёсць імя акаўнта, яго ID, «біяграфія», указаны горад, а для некаторых таксама e-mail і тэлефонны нумар.

Апошнія, імаверна, «убіваліся» ўручную сілавікамі са сваіх унутраных базаў, бо на старонках акаўнтаў яны не пазначаныя. Электронныя адрасы і тэлефонныя нумары ёсць толькі на першых радках табліцы — робіцца гэта для запалохвання, бо большасць людзей не стане гартаць табліцу з некалькімі дзясяткамі тысячаў радкоў да канца.

Дата збору звестак невядомая, але апублікавалі яе сёння — самі губазікаўцы кажуць пра «стан паўгода таму». Табліца, відавочна, сабраная машынным шляхам — гэта дазваляе зрабіць механізм API Instagram.

Ці ёсць у з'яўленні падобных спісаў віна незалежных медыя? Не. Нас ніхто не ўзломваў, уся апублікаваная інфармацыя па змоўчанні адкрытая.

Змагацца з гэтым, на жаль, немагчыма — нават калі мы зробім акаўнт закрытым, то не здолеем адфільтраваць сярод дзясяткаў тысячаў нашых падпісчыкаў акаўнты губазікаўцаў.

@nashaniva Сілавікі апублікавалі базу тых, хто лайкаў розныя інстаграм-каналы. Але ў файл зашыты вірус!!! #беларусь #кибербезопасность #безопасность #безопасностьвсети #кибер #интернет #вирус #траян #нашаніва ♬ Paris - 3Hzwave

Ці ёсць тут новыя пагрозы?

Не.

Сілавікі збіралі базы падпісантаў незалежных медыя і раней. Калі вы нешта робіце ў сацсетках, то варта мець на ўвазе, што гэта так ці іначай можа стаць публічным або вядомым сілавікам — у гэтым уся сутнасць сацыяльных сетак. Таму калі вы знаходзіцеся ў Беларусі або вяртаецеся туды, то варта быць гранічна асцярожным. А падпіска на «экстрэмісцкія» медыя заўжды пагражала беларусам адміністратыўнай справай.

Новых пагрозаў мы ў гэтым не бачым. Тое, што спісы выклалі публічна, нагадвае пра небяспекі, якія пагражаюць беларусам. Гэта дазваляе рэалістычна ацэньваць выклікі.

Што рабіць, калі я ў спісе?

Насамрэч тое самае, што і раней. Гэты спіс апублікаваны, каб запужаць беларусаў.

Калі вы проста лайкалі нешта ў інстаграме, то вам можа пагражаць адміністратыўны пратакол. Абараніцца ад гэтага немагчыма.

Калі вы ў Беларусі і пакідалі нейкі каментар, то ў нашай інструкцыі напісана, як яго выдаліць. Пры гэтым вам можа пагражаць як адміністратыўная, гэтак і крымінальная адказнасць у залежнасці ад зместу каментара. Абараніцца ад гэтага немагчыма.

Калі вы за мяжой, але збіраліся вяртацца ў Беларусь, то вас можа чакаць затрыманне на мяжы. У залежнасці ад таго, што менавіта вы рабілі ў сацсетках, вы можаце атрымаць адміністратыўку або крыміналку.

Такім чынам, варта вельмі асцярожна ставіцца да таго, што вы публікуеце, і разумець, што праз інтэрнэт-актыўнасць у вас могуць узнікнуць праблемы ў рэальным жыцці.

Як абараніцца?

Па-першае, вы можаце змяніць імя акаўнта, змяніць профіль і прыбраць фота. Для гэтага зайдзіце ў ваш профіль.

Націсніце «Рэдагаваць профіль». Адкрыецца меню, дзе вы можаце змяніць усе бачныя іншым звесткі.

Меню «Рэдагаваць профіль»

Напрыклад, націсніце на «імя карыстальніка». Увядзіце любое іншае імя і захавайце змены.

Змененае імя карыстальніка

ID акаўнта не зменіцца, і вас усё роўна можна будзе адшукаць нават калі вы ў «злітых» спісах, але ад часткі правакацыяў гэта вас абароніць.

Па-другое, закрыйце акаўнт. Для гэтага зайдзіце ў акаўнт і націсніце сімвал «тры лініі». Пасля ўвайдзіце ў налады — на вялікі жаль, у інстаграме няма беларускай, таму інтэрфейс праграмы па-руску.

Пераход у налады. Фота: Livedune.com

Пасля зайдзіце ў меню «канфідэнцыйнасць акаўнта» і націсніце «закрыць акаўнт».

Закрыццё акаўнта. Фота: Livedune.com

Цяпер за вамі будзе складаней сачыць — спіс падпісчыкаў і вашых падпісак, як і вашы публікацыі, будуць схаваныя ад тых, каго вы не ўхвалілі.

Мы адназначна раім закрыць профілі і прыбраць уласнае фота з аватаркі людзям, якія знаходзяцца ў Беларусі — гэта неідэальнае рашэнне, але яно моцна ўскладняе жыццё сілавікам.

Па-трэцяе, вы можаце выдаліць акаўнт цалкам. Для гэтага спачатку зайдзіце ў налады і націсніце «Цэнтр акаўнтаў».

Меню «Налады і дзеянні» ў інстаграме

Далей адкрыецца меню наладаў «Цэнтра акаўнтаў». Націсніце «Асабістая інфармацыя».

Меню «Цэнтра акаўнтаў» Meta

Далей з'явіцца меню «Асабістая інфармацыя». Абярыце «Валоданне і кіраванне акаўнтам».

Пункт меню «Асабістая інфармацыя»

Тут абярыце «Дэактывацыя і выдаленне».

Пункт меню «Валоданне і кіраванне акаўнтам»

Тут націсніце на акаўнт, які вы хочаце выдаліць.

Пункт меню «Дэактывацыя і выдаленне»

Далей увядзіце пароль.

Меню ўвода пароля

Цяпер абярыце «прычыну выдалення» — яна можа быць любой.

Выбар прычыны выдалення акаўнта

Далей націсніце «пацвердзіць». Вашы звесткі цалкам выдаляцца цягам месяца.

Канчатковае пацверджанне выдалення інстаграм-акаўнта

Дзеля таго, каб зрабіць аднаўленне цалкам немагчымым, перанясіце акаўнт на іншы нумар і e-mail. Мы падрабязна пісалі пра гэта ў інструкцыі па выдаленні фэйсбука.

Пасля выдалення ваш акаўнт будзе недаступны, знікнуць лайкі і каментары. Праз месяц вы можаце стварыць новы акаўнт на той жа тэлефон і мэйл (каб не чакаць — перанясіце стары акаўнт на іншыя тэлефон і мэйл да выдалення).

Мы пераправерылі «спісы падпісантаў незалежных медыя» і загрузілі іх у воблака, каб можна было праглядаць бяспечна

Як правільна чысціць свой акаўнт у Instagram, каб засцерагчы сябе. Падрабязны гайд

Расказваем, як даведацца, дзе і каму вы ставілі лайкі ў сацсетках, і перастрахавацца

Мы адшукалі ў Telegram функцыю, якая можа быць небяспечнай для беларусаў. Вось як засцерагчы сябе і як зрабіць яе карыснай

Nashaniva.com