Навукоўцы знайшлі мікрапластык у яечках мужчын
Акрамя людзей, такія знаходкі выяўлены і ў сабак. Прычым у людзей утрая болей. Чым гэта небяспечна?
21.05.2024 / 23:56
Як піша выданне Science alert, навукоўцы Універсітэта Нью-Мексіка вывучалі тканіны яечкаў, узятыя як у сабак, так і ў людзей, і знайшлі мікрапластык у кожным узоры.
Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Toxicological Sciences. Паводле іх, на адзін грам тканкі ў сабак у сярэднім прыпадае 122,63 мікраграма мікрапластыку. А ў людзей гэты паказчык амаль утрая большы — 329,44 мікраграма на грам.
Даследчая група імкнулася параўнаць яечкі сабак і людзей, бо паміж нашымі відамі існуе некалькі біялагічных падабенстваў, а таксама таму, што нашы чацвераногія сябры жывуць побач з намі ў адным і тым жа асяроддзі.
«Спачатку я сумняваўся, што мікрапластык можа пракрасціся ў рэпрадуктыўную сістэму. Калі я ўпершыню атрымаў вынікі для сабак, то быў здзіўлены. Але яшчэ больш здзівіўся, калі атрымаў вынікі для людзей», — цытуе выданне словы аднаго з удзельнікаў даследавання.
Мікрапластык. Фота:Wikimedia Commons
Сярод 12 розных выяўленых тыпаў мікрапластыку, як у сабак, так і ў людзей пераважаў поліэтылен, які выкарыстоўваецца пры вытворчасці пластыкавых пакетаў і пластыкавых бутэлек і з'яўляецца асноўнай крыніцай забруджвання навакольнага асяроддзя.
Даследчыкі асцерагаюцца, што наяўнасць мікрапластыку ў мужчынскай рэпрадуктыўнай сістэме можа паўплываць на фертыльнасць. Каманда не змагла падлічыць колькасць сперматазоідаў у чалавечых узорах, але ім удалося гэта зрабіць з узорамі сабак.
Навукоўцы адзначылі карэляцыю больш высокага ўтрымання полівінілхларыду (ПВХ) з меншай колькасцю сперматазоідаў. Прычынай гэтага, лічаць аўтары, з'яўляецца тое, што ПВХ можа выдзяляць шмат хімічных рэчываў, якія перашкаджаюць сперматагенезу, і змяшчае хімічныя рэчывы, якія выклікаюць эндакрынныя парушэнні.
Па словах навукоўцаў, неабходныя дадатковыя даследаванні, каб высветліць, ці ўплывае мікрапластык на чалавечыя сперматазоіды гэтак жа, як і на сабачыя.
Даследчыкі дадаюць, што не хочуць палохаць людзей, але хочуць да іх данесці, што цалкам пазбегнуць уплыву мікрапластыку на арганізм немагчыма, але заўсёды можна памяняць лад жыцця і паводзіны так, каб зменшыць яго ўздзеянне.
Бутыляваная вада забруджаная мікрапластыкам у каласальным маштабе — вучоныя
Навукоўцы знайшлі мікрапластык у аблоках. Гэта можа несці сур'ёзныя наступствы для свету
Мікрапластык можа трапляць у мозг і выклікаць змены ў паводзінах — новае даследаванне