Паліна Шарэнда-Панасюк не выйшла на свабоду. За два дні да вызвалення яе кудысьці этапавалі

За кратамі яна ўжо амаль тры з паловай гады.

21.05.2024 / 09:39

Грамадская актывістка з Брэста, маці дваіх дзяцей Паліна Шарэнда-Панасюк не выйшла на волю з калоніі ў прызначаную дату.

Як напісаў у фэйсбуку яе муж Андрэй Шарэнда, яшчэ 19 мая Паліну кудысьці этапавалі з калоніі №24.

Паліну затрымалі 3 студзеня 2021 года. Сілавікі выламалі дзверы кватэры, правялі агляд, сканфіскавалі шэраг рэчаў, а Паліну затрымалі і ў кайданках адвезлі ў ІЧУ. Пазней яе перавялі ў СІЗА.

Ёй выставілі абвінавачванне па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) за тое, што нанесла драпіну аднаму з міліцыянтаў, якія прыйшлі да яе дамоў.

Таксама яе вінавацілі ў абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). 9 чэрвеня 2021 г. суд Маскоўскага раёна Брэста прыгаварыў яе да двух гадоў калоніі.

Вясной 2022 года яна не выйшла на волю, на жанчыну завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) і прысудзілі дадатковы год калоніі.

Але і вясной 2023 года яна не выйшла на волю. Зноў артыкул 411 і зноў год калоніі. За гэтыя гады яе некалькі разоў змяшчалі ў ШІЗА, а таксама на шэсць месяцаў адправілі ў ПКТ. 

Апошнім часам адбывала пакаранне ў калоніі ў Зарэччы Рэчыцкага раёна.

Nashaniva.com