У Крыжоўцы не ўпершыню спрабуюць здаць палац, шыкоўных інтэр’ераў якога саромеюцца нават рыэлтары ФОТЫ
На цікавую прапанову арэнды ў вёсцы Крыжоўка звярнулі ўвагу ў тыктоку. Пафасныя інтэр’еры палаца сталі падставай для жартаў. Тым часам рыэлтары чаго толькі не робяць, каб знайсці арандатара для элітнай нерухомасці: спрабавалі прапанаваць катэдж і пасутачна за $768, і доўгатэрмінова за $10 тысяч за месяц.
21.05.2024 / 08:00
Папярэджваем: далей будзе выключна на мове раскошы. Рыэлтары імкнуцца прывабіць у арандатары людзей, для якіх «надышоў момант пераезду ў рэзідэнцыю для камфортнага і раскошнага пражывання». Пішуць, што жыццё ў палацы дапаможа адчуць сябе асаблівым.
Вось яшчэ аргумент з аб'явы для паспяховых бізнэсменаў: «асабняк можа служыць як сімвал статусу і поспеху кампаніі, а таксама быць выкарыстаны для ўмацавання дзелавых адносін і прыцягнення кліентаў».
Знаходзіцца гэта рэзідэнцыя ў вёсцы Крыжоўка Мінскага раёна — гэта літаральна ўсяго за 7 кіламетраў ад МКАД, побач Заслаўскае вадасховішча. Плошча ўчастка — каля 15 сотак. На ім ёсць 2 альтанкі (з летняй кухняй і з камінам і барбекю), вялікі басейн з падагрэвам, штучная сажалка, дзе плавалі асятровыя, садовыя дрэвы і дэкаратыўныя хмызнякі, піхты і шматгадовыя высокія хвоі. На ўчастку размешчаны гаспадарчыя пабудовы з кацельнай і аварыйным генератарам вялікай магутнасці. Ёсць і гараж 120 квадратаў з аўтаматычнымі варотамі.
Паведамляецца, што ўнікальны катэдж быў створаны таленавітым архітэктарам. Яго фасад упрыгожаны калонамі, выгнутымі лініямі і дэталямі, якія надаюць будынку элегантнасць і вытанчанасць.
Трохпавярховы катэдж быў пабудаваны ў 2003 годзе. Ён мае плошчу больш за 512 квадратаў, з якіх жылая каля 211 метраў. Ёсць там спальні з ваннымі пакоямі, кабінеты, кухня-гасцёўня з камінам, вялікая камінная зала, гардэробныя пакоі, памяшканні для пакаёўкі і многае іншае.
Не шкадуючы эпітэтаў, у аб'яве расказваюць пра эксклюзіўныя элементы дэкору ўнутры будынка. І здаецца, менавіта яны корань праблемы. Таму што размаляваныя сцены, кран у выглядзе залатога лебедзя, ракавіна ў кветачку спарадзілі мноства жартаў сярод карыстальнікаў сацыяльных сетак.
Мабыць, пасля гэтага рыэлтары вырашылі прыбраць фатаграфіі дома ўнутры і пакінулі толькі здымкі фасада і ўчастка.
Упершыню на тое, што з’явілася прапанова арандаваць такую раскошу, звярнулі ўвагу ў снежні 2022 года. Тады ўладар хацеў атрымліваць за сваю нерухомасць $7 тысяч на месяц. Здаецца, знатака прыгажосці адшукаць тады не ўдалося. Бо неўзабаве гэты ж катэдж сталі прапаноўваць для пасутачнай арэнды за $768 за суткі. Цяпер жа ён зноў даступны на ўмовах доўгатэрміновай арэнды — толькі ўжо за $10 тысяч штомесяц.
Цешча экс-старшыні СК радыкальна перабудавала катэдж у Драздах. І просіць за яго $3,3 мільёна ФОТЫ
Алімпійскі прызёр Дашчынскі прадае дом каля Драздоў. Як вам інтэр'еры?
Вікторыя Азаранка здае дом у Драздах. Як вам інтэр'еры? ФОТЫ
Дорага-багата: як выглядае кватэра ў Мінску амаль за мільён даляраў