«На старце айцішнік будзе зарабляць $300-500 на месяц». Наколькі складана ўвайсці ў ІТ у 2024 годзе?

Па афіцыйных даных, колькасць работнікаў ІТ-галіны ў Беларусі толькі за 2023 год скарацілася на 16%. Паралельна з гэтым на глабальным узроўні растуць асцярогі наконт таго, што на колькасць занятых у галіне можа моцна паўплываць развіццё штучнага інтэлекту.

26.05.2024 / 09:42

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Няма таго, што раньш было

Яшчэ некалькі гадоў таму інтэрнэт быў поўны гісторый пра лёгкі ўваход у прафесію і хуткі рост заробкаў. Саму ІТ-галіну называлі драйверам росту беларускай эканомікі. Але выглядае, што лепшыя часы ў ІТ скончыліся. Увайсці ў сферу без досведу працы цяпер нашмат складаней, чым гэта было яшчэ 3-5 гадоў таму.

HR-спецыяліст адной з ІТ-кампаній кажа, што ў апошнія гады знайсці працу джуну значна складаней, чым гэты было да вайны.

Пікавым — і апошнім — годам, калі ў беларускім ІТ назіраўся прырост занятых, быў 2021 год. Тады ў гэтай сферы працавалі 108 тысяч спецыялістаў. Па выніках 2023 года такіх засталося каля 88 тысяч.

Навічкі праходзяць толькі пад праект

«Новых супрацоўніках у штат паціху бяром, але для гэтага трэба, каб кандыдат прайшоў на канкрэтны праект», — тлумачыць спецыяліст.

То-бок джуну, які спрабуе ўладкавацца на працу, прапануюць чакаць, пакуль у кампаніі не з'явіцца адпаведны праект. Толькі пасля яго з'яўлення прызначаюць сумоўе з заказчыкам.

Са старту не больш за 300-500 даляраў у месяц

«Калі кандыдат не праходзіць, то даводзіцца чакаць далей. Пры гэтым мы нікому не забараняем паралельна шукаць месца ў іншай кампаніі.

Але часам бывае, што кандыдат сапраўды талковы, мае моцную тэарэтычную базу і матывацыю. Тады можам узяць у штат. Такіх людзей каля месяца падцягваем, вучым, як праходзіць сумоўі, пасля чаго прапануем сумоўі з замоўцамі», — тлумачыць спецыяліст.

Атрымліваецца, што, каб адразу патрапіць у штат, джуну спярша трэба паспяхова прайсці сумоўе з тэхнічнымі спецыялістамі кампаніі. Для гэтага ён мусіць выдатна валодаць тэорыяй, рабіць вучэбныя праекты, паказаць свой код.

Пры гэтым, па словах суразмоўцы, такі чалавек мусіць быць гатовы да таго, што на старце ён будзе зарабляць 300-500 даляраў на месяц. Пасля, калі ўжо трапіць на праект, то да гэтага акладу дададуцца праектныя бонусы.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Што тычыцца ўжо спецыялістаў з досведам працы, то ім па словах HR-менеджара, знайсці працу прасцей, чым пачаткоўцам, бо лягчэй патрапіць на праект.

Але, як і ў выпадку з джунамі, на працу ў штат за выключэннем рэдкіх выпадкаў бяруць толькі калі знаходзіцца месца на праекце. Працаўладкавацца ў штат нават мідлам цяпер складаней, чым гэта было некалькі гадоў таму.

Што па вакансіях?

На папулярным сайце па пошуку працы rabota.by для праграмістаў-пачаткоўцаў каля 50 вакансій, на якія гатовыя працаўладкаваць спецыяліста без досведу працы.

Такім на абяцаюць зарплату ад 200-300 да 400-800 даляраў на рукі.

Фота: скрыншот з сайта rabota.by

Для параўнання, для айцішнікаў з досведам працы ад 1 да 3 гадоў размешчана каля 300 вакансій. Аналагічная колькасць прапаноў і для спецыялістаў з досведам працы ад 3 да 6 гадоў.

Асобна ў ІТ-індустрыі можна вылучыць адукацыйныя курсы, якіх па-ранейшаму шмат, бо гэта асобны від бізнэсу, першасная задача якога — даць чалавеку веды, а не забяспечыць яго працай.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Пры гэтым наш суразмоўца папярэджвае, што людзям, якія хочуць увайсці ў ІТ з нуля, варта забыцца на гісторыі 3-5 гадовай даўніны, калі па завяршэнні курсаў можна было адносна лёгка знайсці сабе працу.

«Беларускі ІТ-сектар звужаецца, а разам з ім і колькасць працоўных месцаў, таму джунам цяпер асабліва складана. Працаўладкоўваць чалавек без досведу працы азначае, што працадаўцу трэба інвеставаць у яго навучанне, чакаць, пакуль ён падрасце. У сітуацыі, калі на рынку хапае спецыялістаў з досведам, вазіцца з джунамі асаблівай патрэбы ў кампаній няма.

Таму мідлы і сеньёры без працы не застануцца, хоць бывае, што па заробку яны могуць апусціцца на ўзровень ніжэй», — дадае суразмоўца.

«Краіна губляе людзей з высокімі даходамі». Што адбываецца ў беларускай айцішцы

Колькі сапраўды зарабляюць беларускія дактары? Спыталі ў іх

Nashaniva.com