Расійскі мітрапаліт параіў прыхаджанцы падсыпаць мужу мыш'як у ежу. Але не ўсё так проста

Растоўскі мітрапаліт Меркурый распавёў, як дапамог прыхаджанцы, у якой былі непаразуменні з мужам. Пра гэта ён расказаў у інтэрв'ю тэлеканалу «Дон», піша «Новая газета».

20.05.2024 / 13:05

Мітрапаліт Меркурый. Фота: mo.tsargrad.tv

Падчас размовы яны закранулі тэму сямейных рознагалоссяў. Па словах вядоўцы, спецыялісты ў галіне псіхалогіі раяць жанчынам актыўна адстойваць свае асабістыя межы, калі мужчына імкнецца да іх падпарадкавання.

Потым Меркурый падзяліўся адным выпадкам са свайго досведу.

Калісьці звярнулася да яго жанчына, якая на той момант пражыла 40 гадоў у шлюбе, і стала скардзіцца на раздражняльныя звычкі мужа, такія як шоргаючая паходка і слабая памяць. Яна не магла зразумець, як паступіць у гэтай сітуацыі.

«Я ёй сказаў: забіце яго! Яна спытала: як? І я адказаў: вельмі проста. Ціха і спакойна падсыпаць мыш'як у ежу», — сказаў мітрапаліт.

Потым ён растлумачыў прыхаджанцы, што калі яна не гатовая расстацца са сваім мужам такім чынам, то павінна быць памяркоўнейшай да яго звычак, бо калісьці яна любіла яго і ён сапраўды таксама трывае і яе, бо з узростам яе паходка не стала свабоднейшай, ды і талеркі, магчыма, яна дзесьці недамывае.

Nashaniva.com