Back in 1990-я. Затрымалі банду, якая рабавала фуры на стаянках уздоўж трасаў па ўсёй краіне

Банда здзяйсняла злачынствы ноччу, выкарыстоўваючы балаклавы і радыёстанцыі.

20.05.2024 / 10:20

Ілюстрацыйнае фота Наша Ніва

Падазраваных у крадзяжах з велікагрузаў на стаянках уздоўж трасы Брэст-Гомель затрымалі ў Беларусі, паведамляе прэс-служба МУС.

Гэта былі пяцёра жыхароў Оршы ва ўзросце ад 34 да 51 года. Яны дзейнічалі ў Брэсцкай, Магілёўскай, Мінскай і Гомельскай абласцях.

м Пакуль кіроўца спаў у кабіне фуры, злачынцы ўзломвалі замак грузавога адсека, загружалі свой мікрааўтобус крадзеным таварам і з'язджалі з месца злачынства.

Скрыншот відэа МУС

Паводле звестак МУС, іх мэтамі былі аўтамабілі з беларускімі нумарамі, з якіх выкрадалі розны груз — ад тэхнікі да прадуктаў харчавання, а таксама злівалі паліва з бакаў. Скрадзенае альбо прадавалі на тэрыторыі Расіі, альбо выкарыстоўвалі ў асабістых мэтах пасля дзяльбы.

Следствам распачатая крымінальная справа па фактах крадзяжоў у буйным памеры, цяпер вядома аб шасці эпізодах злачыннай дзейнасці ўдзельнікаў групы.

Nashaniva.com