Кацярына Сныціна выйграла апошні матч у кар'еры. Гуляць яна выйшла ў незвычайных красоўках
Знакамітая беларуская баскетбалістка Кацярына Сныціна сёння ў апошні раз выйшла на паркет. У фінале чэмпіяната Брытаніі клуб Сныцінай London Lions адолеў каманду Newcastle Eagles.
19.05.2024 / 17:18
Фота: скрыншот з трансляцыі
Канчатковы лік матча — 92:65 на карысць London Lions.
На пляцоўку Сныціна выйшла ў красоўках, якія для яе падрыхтаваў кіраўнік беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін. Іх фота яна апублікавала ў сторыс:
Разам з London Lions беларуска ўжо выйгравала чэмпіянат Брытаніі і еўракубак. Усіх жа ўзнагародаў Сныцінай не пералічыць: да прыкладу, разам з беларускай зборнай яна брала бронзу чэмпіянату Еўропы — 2007, выступала на Алімпіядзе-2008. На клубным узроўні Кацярына выйгравала чэмпіянаты Францыі і Беларусі, Кубак Польшчы, брала срэбра польскага чэмпіянату і гэта не ўсё.
Пра планы скончыць кар'еру Сныціна абвясціла ў верасні мінулага года. Рашэнне патлумачыла тым, што перастала адчуваць азарт і задавальненне ад гульні, хаця ў свае 38 гадоў і мае сілы, каб граць на дастойным узроўні.
Кацярына пакуль не казала, чым плануе заняцца пасля баскетбола. 25 мая яна збірае беларусаў Лондана, каб пагуляць разам — імаверна, і пасля кар'еры Сныціна, вядомая праз сваю грамадскую пазіцыю, працягне падтрымліваць беларускі рух.
Кацярына Сныціна ўвайшла ў топ-3 па набраных ачках у гісторыі Еўракубка