Дыстанцыйшчык плаціць 6500 рублёў падаткаў у Беларусі, але ўсё роўна стаў «дармаедам». Як так?
Вінаватыя нядаўнія папраўкі ў заканадаўства.
19.05.2024 / 13:52
Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»
Чалавек дыстанцыйна працуе на юрыдычную асобу ў РФ з невялікага беларускага горада. Два месяцы таму з камунальнай плацёжкі ён даведаўся, што аказаўся ў спісе дармаедаў, піша Devby.io.
Ён не ІТ-спецыяліст, а метадыст анлайн-адукацыі, аднак гэта ўсё роўна: гісторыя можа стаць тыповай і для айцішнікаў.
Ён працуе па дамове грамадзянска-прававога характару (ГПХ) на дыстанцыйцы ў расійскай арганізацыі, заробак афіцыйна атрымлівае на банкаўскую карту. Раз на год запаўняе падатковую дэкларацыю і плаціць 13% падаходнага падатку ў Беларусі. Так, за апошні год выйшла каля 6500 BYN. Тым не менш два месяцы таму ён аказаўся ў спісе незанятых у эканоміцы.
У камісіі па садзейнічанні занятасці патлумачылі: гэта таму, што «ГПХ не з'яўляецца кантрактам або працоўнай дамовай».
—У пачатку года мая дамова з выпіскай аб заробку ўсіх задавальняла, а цяпер яна ўжо не падыходзіць, — скардзіцца чытач. — Яны нават не захацелі зазіраць у тыя дакументы, што я прынёс. Начальнік аддзела (або гэтай камісіі) наогул сказала, што ім без розніцы, куды плацяцца падаткі.
Няма кантракту або працоўнай дамовы — значыць, дармаед. Але кантракт са мной могуць заключыць толькі, калі я буду жыць у РФ.
У інспекцыі па падатках і зборах чытачу таксама нічым не дапамаглі.
— Там адказалі, што могуць толькі выдаць даведку аб выплачаных падатках, а чаму я стаў дармаедам, яны і самі не ведаюць.
Атрымліваецца, грамадзянін Беларусі жыве ў Беларусі, працуе і плаціць дзве тысячы даляраў па курсе ў бюджэт Беларусі, але пры гэтым з'яўляецца… дармаедам.
Чалавек у аблвыканкаме інкогніта параіў фіктыўна ўладкавацца на працу. Але гэта ж маразм! Што рабіць?
Хлопцу параілі звярнуцца ў камісію не вусна, а пісьмова, прыклаўшы даведку аб выплачаных падатках, але не факт, што гэта дапаможа. Рэч у тым, што з 1 лютага 2024 уступіла ў сілу вялікая частка палажэнняў пастановы Саўміна № 53, якая яшчэ больш узмацніла крытэрыі аднясення грамадзян да незанятых у эканоміцы. Так, да людзей, якія працуюць на тэрыторыі краін ЕАЭС цяпер адносяць толькі тых, з кім заключаная працоўная дамова (кантракт). Да гэтага часу было дастаткова дамовы ГПХ — пры ўмове, што па ёй выплачваецца даход.
Верагодна, сэнс быў у тым, каб адсеяць са спісу занятых тых, хто знаходзіцца за мяжой на «вольным хлебе». Аднак жа трапілі і тыя, хто не толькі жыве і працуе ў краіне, але і сумленна плаціць тут падаткі.
Каго яшчэ могуць закрануць папраўкі?
Айцішнікаў, якія працуюць на РФ і іншыя краіны ЕАЭС па дамове ГПХ. Такіх нямала. Аднак для іх, здаецца, пакуль ёсць выйсце — пераходзіць на падатак на прафесійны даход (ППД). Падаткавікі не раз тлумачылі, што артыкул 7 «аб працы праз Інтэрнэт» (Закона РБ ад 30.12.2022 № 230-З» аб змене законаў па пытаннях падаткаабкладання») прыдуманы як раз для іх. Што рабіць тым дыстанцыйшчыкам, чыя дзейнасць не падпадае пад ППД, незразумела.
БДУІР набярэ больш мэтавікоў. Айцішнікаў забяруць сілавікі, ваенпрам, «Камунарка»
На што трацяць грошы беларускія айцішніцы і ці лічаць сябе зайздроснымі нявестамі
«Краіна губляе людзей з высокімі даходамі». Што адбываецца ў беларускай айцішцы