Здароўе параненага славацкага прэм'ера палепшылася, а выканаўца замаху прызнаў віну
У Славакіі суд прыняў рашэнне арыштаваць падазраванага па справе аб замаху на прэм'ер-міністра краіны Роберта Фіца. Паводле інфармацыі медыякампаніі RTVS, 71-гадовы пісьменнік Юрай Цінтула прызнаў віну.
18.05.2024 / 19:15
Прыхільнікі Роберта Фіца прыносяць кветкі да шпіталя, у якім яго лечаць. Фота: AP Photo/Lefteris Pitarakis
Раней кіраўнік МУС краіны Матуш Шутай-Эштак паведаміў, што Цінтула патлумачыў свой учынак палітычнымі матывамі — ён быў не згодны з палітыкай, якая праводзіцца ўрадам.
Па выстаўленым абвінавачванні Цінтуле пагражае ад 25 гадоў да пажыццёвага зняволення.
Што да параненага Роберта Фіца, то паведамляецца, што ягоны стан паступова паляпшаецца. Сёння яму правялі яшчэ адну двухгадзінную аперацыю, якая, паводле слоў міністаркі аховы здароўя Славакіі Зузаны Долінкавай, спрыяла «станоўчаму прагнозу для здароўя кіраўніка ўрада».
Першапачаткова, пасля замаху 15 мая, урадавыя чыноўнікі ахарактарызавалі стан Фіца як «крытычны» і «вельмі сур'ёзны». Цяпер яны настроеныя больш пазітыўна, аднак дагэтуль незразумела, калі прэм'ер зможа вярнуцца да выканання сваіх абавязкаў. Пакуль стан Фіца нават не дазваляе перавезці яго ў Браціславу, ён лечыцца ў бальніцы горада Баньска-Быстрыца.
Між тым, некаторыя паплечнікі Фіца па кіроўнай кааліцыі рэзка крытыкуюць славацкую апазіцыю і журналістаў, фактычна ўскладаючы на іх ускосную адказнасць за замах. Так, Андрэй Данка, лідар Нацыянальнай партыі, якая ўваходзіць ва ўрадавую кааліцыю, заявіў, што для ягонай партыі цяпер «пачынаецца палітычная вайна», і параіў супернікам урада «сядзець ціха».
Стала вядома, хто страляў у славацкага прэм'ера Фіца
«Роба, ідзі сюды». Прэм'ера Славакіі будуць тэрмінова апераваць пасля замаху
Замах на прэм'ера Славакіі — яго стан вельмі цяжкі