У Гомелі ўпіска скончылася 47 пратаколамі і 2 крыміналкамі. Гаспадар кватэры трапіў у калонію

Запамінальную вечарынку закацілі ў 51-м мікрараёне Гомеля. 

18.05.2024 / 11:14

Упіска. Ілюстрацыйнае фота.

Інфармацыю пра месца і час збору апублікавалі ў інтэрнэце. У выніку на ўпіску падцягнуліся 12 чалавек. У асноўным непаўналетнія, многія незнаёмыя паміж сабой.

Пасля 23-й гадзіны вечара шум працягваўся, і суседзі выклікалі міліцыю. Сілавікі знайшлі ў моладзі алкаголь і павезлі ўсіх у аддзялення.

«Удзельнікі вечарыны прайшлі абавязковы ў такіх выпадках агляд, і выявілася, што ўсе яны ўжывалі алкаголь. У аддзяленне адразу ж выклікалі бацькоў, да якіх ужо ўжытыя адміністрацыйныя меры. Для саміх парушальнікаў усё абярнулася пастаноўкай на ўлік у наркадыспансеры і інспекцыі па справах непаўналетніх. Установы адукацыі, дзе дзеці вучацца, таксама пастаўлены ў вядомасць», — расказаў начальнік аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Савецкага РАУС Аляксандр Красоўскі.

Далей — больш. У тэлефоне ў 20-гадовага ўдзельніка вечарынкі супрацоўнікі міліцыі знайшлі аголеныя здымкі непаўналетняй навучэнкі аднаго з каледжаў горада. А паколькі хлопец перасылаў фота сваім знаёмым, то яго дзеянні пацягнулі на артыкул аб вырабе і распаўсюдзе дзіцячай парнаграфіі. Цяпер парушальніку пагражае турэмны тэрмін.

Гаспадару кватэры таксама дасталася. Аказалася, што ён быў на хатняй хіміі за ўхіленне ад войска.

Пасля вечарынкі хлопцу зрабілі пакаранне больш жорсткім. У выніку ён адправіўся адбываць тэрмін у калонію.

Nashaniva.com