У кватэры журналіста-фрылансера з Віцебска супрацоўнікі КДБ выламалі дзверы, а жыллё апячаталі
Зміцер Казакевіч са жніўня 2021 года не жыве ў Беларусі. У 2020-2021 гадах яго затрымлівалі, дома адбылося тры ператрусы.
17.05.2024 / 14:51
Кватэру Змітра Казакевіча супрацоўнікі КДБ апячаталі 16 мая. Падрабязнасці таго, як гэта адбывалася, Казакевіч расказаў Радыё Свабода.
«Пасля таго, як я выехаў з Беларусі, было ціха. Нібыта. Але 15 мая «органы» выпытвалі ў суседзяў, ці жыве хто ў кватэры, ці з'яўляецца нехта там. Недзе ў 6:40 16 мая туды прыйшлі супрацоўнікі КДБ разам з супрацоўнікамі МНС і пачалі ламаць дзверы, паднялі на вушы ўвесь дом», — расказаў Казакевіч.
Паводле суразмоўцы, на дзвярах кватэры сілавікі пакінулі паперку: «Опечатано. КГБ. По всем вопросам обращаться в СК Республики Беларусь». Фрылансер дадаў, што не ведае, ці быў у кватэры ператрус.
Зміцер Казакевіч кажа, што на акцыях салідарнасці за мяжой бываў, але па працы, не як актывіст.