Прапагандысты плачуцца, што ўкраінскія ўлады знеслі праваслаўны храм у Кіеве. Што за ён?

Ва ўкраінскай сталіцы сёння ўначы разбурылі Уладзіміра-Вольгінскую капліцу Дзесяціннага манастыра. Знос падаюць як чарговы «адкрыты выклік украінскім праваслаўным хрысціянам». Разабраліся, вакол чаго скандал. 

18.05.2024 / 08:13

Уладзіміра-Вольгінская капліца перад зносам. Фота: Wikimedia Commons

Чытаючы паведамленні прапагандысцкіх рэсурсаў наконт гэтага зносу, можна заўважыць, што яны пішуць пра знос храма па патрабаванні ўкраінскага суда, але апускаюць акалічнасці з’яўлення самога храма.

Тут, на Кіеўскім дзяцінцы ў 989-996 гадах была выбудавана Дзесяцінная царква — першы кафедральны сабор на Русі. Месцам яе будаўніцтва стала месца смерці першамучанікаў Феадора Варага і яго сына Іаана, забітых мясцовымі язычнікамі, якіх падбухторылі вяшчуны. Сваю назву царква атрымала ад таго, што на яе ўтрыманне ішла дзесяціна княжацкіх даходаў.

Дзесяцінная царква на Кіеўскім дзяцінцы на дыяраме з археалагічнага музея. Фота: Wikimedia Commons

Храм некалькі разоў рэканструяваўся на працягу свайго існавання. Ужо ў сваім псеўдарускім абліччы старажытны помнік быў знесены пры савецкай уладзе ў 1928 годзе. Апошнія яго рэшткі разабраныя на цэглу ў 1936 годзе.

У 2006 годзе, праз 70 гадоў з моманту канчатковага знішчэння храма, тут паставілі вялікую тэнтавую васьмівугольную палатку, храм-скінію — каб адслужыць богаслужэнне Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата.

Храм-палатка каля падмуркаў Дзесяціннай царквы. Фота: Wikimedia Commons

Пасля богаслужэння скінію, аднак, не прыбралі. Мясцовыя ўлады запатрабавалі яе прыбраць. Па-першае, гэта тэрыторыя помніка археалогіі нацыянальнага значэння. Па-другое, яна была перададзена ў карыстанне Нацыянальнага музея гісторыя Украіны і не прызначана для размяшчэння культавых збудаванняў.

Спіс абраза Маці Божай Мінскай, падараваны мітрапалітам Філарэтам. Фота: Wikimedia Commons

Але ў УПЦ патрабаванні праігнаравалі, храм працягнуў дзейнічаць, пашырацца і абрастаць прадметамі культу. Так у тым жа годзе беларускі мітрапаліт Філарэт перадаў храму-палатцы спіс цудатворнага абраза Маці Божай Мінскай.

У наступным годзе праваслаўная царква, не маючы на гэта ніякага дазволу, пачала будаўніцтва драўлянага храма на месцы палаткі, які асвяціў украінскі мітрапаліт Уладзімір на імя роўнаапостальнага князя Уладзіміра і княгіні Вольгі. 

Першы драўляны храм у 2008 годзе. Фота: Wikimedia Commons

У 2009 годзе пры самавольна пабудаваным храме Сінод УПЦ прыняў рашэнне стварыць Дзесяцінны манастыр, намеснікам якога быў пастаўлены архімандрыт Гедэон (Харон).

Храм працягваў разбудоўвацца ў даўжыню. У 2011 годзе царква стала прадметам палітычных гульняў украінскіх палітыкаў. Былыя прэзідэнты Леанід Краўчук і Віктар Юшчанка звярнуліся да дзейнага прэзідэнта Віктара Януковіча, каб спыніць будаўніцтва новага храма на падмурках старажытнага. У іх лісце падкрэслівалася, што такая самаўпэўненасць забудоўшчыка абурыла не толькі Кіеў, але і ўсю краіну.

Разбудаваны храм у 2012 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Януковіч, вядома, нічога супраць дзеянняў Маскоўскага патрыярхату не прадпрымаў. 

У адказ на бяздзеянне ўладаў нехта ў снежні 2012 года падпаліў храм. Але і гэта не дапамагло — праз некалькі месяцаў самабуд аднавілі. Драўляны храм абклалі каменем, купал пакрылі меднай бляхай, фасады ўпрыгожылі залатымі крыжамі і разным дэкорам.

Новая ўкраінская ўлада таксама нічога не зрабіла, каб прыбраць незаконна ўзведзены будынак. За сваю дзейнасць у 2018 годзе архімандрыт Гедэон пайшоў на павышэнне — яго выбралі епіскапам Макараўскім.

Абрысы падмуркаў Дзесяціннай царквы X стагоддзя і незаконна пабудаваны храм на фоне. Фота: Wikimedia Commons

Толькі ў лютым 2023 года, праз год з пачатку шырокамаштабнага ўварвання Расіі, суд абавязаў Украінскую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату дэмантаваць незаконную пабудову. Але УПЦ зноў праігнаравала патрабаванні ўкраінскіх уладаў. 

Верніца моліцца на месцы знесенага храма. Фота: тэлеграм-канал «Десятинний Монастир»

У маі 2024 Нацыянальны музей гісторыі Украіны, на тэрыторыі якога царкоўнікі вялі незаконнае будаўніцтва, абвясціў збор сродкаў на дэмантаж храма. Грошы сабралі менш чым за суткі. 

Уначы храм атачыла паліцыя і вайскоўцы, пасля будынак быў знесены бульдозерам, а яго рэшткі разам з начыннем вывезены грузавікамі на сметніцу. Каб разабрацца з парушэннем царкоўнікамі ўкраінскага закону, спатрэбілася амаль 20 гадоў і вайна.

Як кароль Стэфан Баторый бараніў праваслаўных ад новага календара

Ісус Хрыстос з Жытоміра аказаўся праўнукам начальніка віцебскага НКВД

Забруджаная спадчына Беларусі. Ці можна яе ўбачыць і наколькі гэта бяспечна?

Ф. Раўбіч