У Малдове прызначылі дату рэферэндуму аб далучэнні да Еўрасаюза

Парламент Малдовы на пасяджэнні 16 траўня зацвердзіў дату рэферэндуму аб еўрапейскай інтэграцыі краіны. Ён прызначаны на 20 кастрычніка 2024 года, піша NewsMaker.md.

16.05.2024 / 20:41

Фота: Pyotr Vdovkin / vecteezy.com

За рашэнне прагаласавалі 56 дэпутатаў, 4 былі супраць, а 20 — устрымаліся.

Пытанне для рэферэндуму сфармулявалі наступным чынам: «Ці падтрымліваеце вы ўвядзенне еўрапейскай інтэграцыі ў Канстытуцыю Малдовы?» Першапачаткова яно планавалася іншым: «Вы за далучэнне Малдовы да ЕС?»

Раней спікер парламента Малдовы Ігар Гросу казаў, што рэферэндум пройдзе ў адзін дзень з прэзідэнцкімі выбарамі. Гэта значыць, што прэзідэнцкія выбары ў Малдове могуць таксама адбыцца 20 кастрычніка, калі адпаведную дату зацвердзіць парламент. Цяперашняя праеўрапейская прэзідэнтка Мая Санду займае сваю пасаду з 24 снежня 2020 года, а прэзідэнт Малдовы абіраецца на 4 гады.

Беглы малдоўскі алігарх Шор атрымаў расійскі пашпарт

«Дабро малдаван вярнула мне веру ў людзей. Ніколі не забуду». Пасля інтэрв'ю Санду ўдзячныя ўкраінцы пакінулі тысячы каментаў

Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду жыве ў двушцы. А колькі яна зарабляе?

Nashaniva.com