Кім Чэн Ын разам з 12-гадовай дачкой урачыста адкрыў забудову вуліцы з 80-павярховым будынкам у Пхеньяне ФОТЫ

Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі змясціла ажно 44 фатаграфіі.

15.05.2024 / 08:24

Кім Чэн Ын разам з дачкой правёў урачыстую цырымонію завяршэння забудовы вуліцы з 80-павярховым будынкам у Пхеньяне, паведамляе ЦТАК.

«Ва ўрачыстай абстаноўцы адбылася цырымонія завяршэння будаўніцтва вуліцы «Чонві». Нялёгка было пабудаваць толькі сілай моладзі буйную вуліцу, дзе шматпавярховыя і звышвышынныя жылыя гмахі на тысячы кватэр утвараюць вялікую групу архітэктурных будынкаў усяго за 1 год. Паважаны таварыш Кім Чэн Ын перарэзаў чырвоную стужку, якая сімвалізуе заканчэнне будаўніцтва», — гаворыцца ў паведамленні.

Кім-унук рэгулярна апошнія паўтара года бярэ сваю старэйшую дачку Кім Чжу Э (ёй максімум 12 гадоў) ад жонкі Лі Соль Чжу на розныя афіцыйныя мерапрыемствы, у тым ліку ваенныя. Эксперты называюць менавіта Чжу Э яго пераемніцай, а не жонку Соль Чжу, якая называлася першапачаткова, але апошнія гады занятая выхаваннем дзяцей, а не афіцыйнымі імпрэзамі.

Кім Чэн Ыну — 42 гады. Ягоны дзед Кім Ір Сэн правіў КНДР 49 гадоў і сімвалічна памёр за два дні да абрання Лукашэнкі прэзідэнтам, бацька Кім Чэн Ір правіў Паўночнай Карэяй 17 гадоў (памёр у снежні 2011 года).

Фота: ЦТАК