«Тутэйшы парніковы народзец наіўны». Закрыўся канал прарасійскага палітолага

Тэлеграм-канал «Западнорусская Атлантида» прасоўваў ідэі інтэграцыі і заходнерусізму. Але цяпер яго прыкрылі.

12.05.2024 / 08:58

Творчы нумар спявачак сясцёр Груздзевых. Ілюстрацыйнае фота: БелТА

«Дарагія сябры, канал «Западнорусская Атлантида» спыніў сваё існаванне. Пра прычыны распаўсюджвацца не хачу, думаю, усё і так ясна»,

— з'явілася паведамленне. Што гэта за прычыны, не ўдакладняецца.

Канал быў створаны ў 2020-м. Лічыцца, што вёў яго прарасійскі палітолаг Усевалад Шымаў, які выступае за інтэграцыю з Расіяй і настроены супраць Еўропы і ЗША. Шымаў падзяляе ідэі заходнерусізму (заходнерусісты лічаць Беларусь не самастойнай краінай, а рэгіянальнай часткай Расіі, а саміх беларусаў — адгалінаваннем рускага этнасу).

«Тутэйшы парніковы народзец наіўны, інфантыльны і напалоханы, што 2020 год прадэманстраваў ва ўсёй красе», — пісаў аўтар канала.

«Такія «маёнткі», аграсядзібы і інш. — гэта зусім не нявінныя турыстычныя аб'екты, а інструменты той самай мяккай сілы. І раз яны праводзяць напалеонаўскія вечары і шляхецкія балі, то, думаю, цалкам зразумела, чыя гэта мяккая сіла і на што яна працуе», — бачыў ён «руку Захаду» ў некаторых забаўляльных праграмах.

Шымаў рэгулярна рэпосціў паведамленні Рускага дома ў Мінску, адыёзнага расійскага гісторыка Аляксандра Дзюкава.

Цікава, што яго закрыццю радуюцца ў тым ліку некаторыя прыхільнікі рэжыму. 

«Якая цудоўная добрая раніца!» — напісала рэжысёрка АНТ Наталля Ждановіч.

«Заходнярусы» здаюцца: «Адмяніць стагадовы досвед беларускага нацыябудаўніцтва ўжо не ўдасца»

Дацэнт БДУ назваў беларускамоўную прастору «адстойнікам русафобскіх маргіналаў»

Шымаў: Захад робіць стаўку на Навальнага як на свайго асноўнага агента ўплыву

Nashaniva.com