У Мінску на 15 сутак арыштавалі актывістку руху «Маці-328» Марыну Уладыку
Яна знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.
10.05.2024 / 12:57
Вядома, што жанчыну затрымалі раніцай 7 мая на месцы жыхарства, дзе быў праведзены ператрус. Нагодай мог стаць рэпост публікацыі з рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкімі».
У руху маці Марына Уладыка з'яўляецца каардынатарам дапамогі сіротам, асуджаным да вялікіх тэрмінаў па артыкуле 328 КК (незаконны абарот наркотыкаў).
Каля дзясятка асуджаных, пакінутых зусім без родных, маглі «атаварвацца» ў турэмнай краме толькі дзякуючы дапамозе актывістаў руху. У 2018 годзе Уладыка была ў складзе галадоўнікаў маці, якія дамагаліся сустрэчы ў Адміністрацыі Лукашэнкі.
Арышт Марыны Уладыкі выглядае, як прэвентыўная мера перад сходам руху, які павінен быў адбыцца ў канцы мая пад Мінскам, піша Mayday.team.