Жаночая лазня, Эйнштэйн і Месі. 7 новых дакументалак на выхадныя
Перад вялікімі выхаднымі прапануем вам дакументальныя фільмы апошніх месяцаў, якія дапамогуць разнастаіць гэты час.
10.05.2024 / 17:33
Кадр з фільма «Сакрэты неандэртальцаў». Фота: скрын з трэйлера фільма
The Greatest Night in Pop (Найвялікая ноч для поп-музыкі)
Netflix
У 1985 годзе зоркі заходняга шоў-бізу сабраліся разам, каб запісаць дабрачынны трэк We Are the World. Песню напісалі Майкл Джэксан і Лаянэл Рычы, а сярод вакалістаў былі таксама Брус Спрынгсцін, Сіндзі Лопер, Рэй Чарльз, Стыві Уандэр, Даяна Рос і Ціна Цёрнер — усяго 46 чалавек!
Зімой Netflix выпусціў пра гэта дакументалку. У фільм увайшлі раней невядомыя кадры таго, як Джэксан і Рычы пісалі песню, а таксама гутаркі з удзельнікамі найвялікай ночы для поп-музыкі. Той момант называюць унікальным, а таксама адзначаюць жвавасць фільму і тое, як шмат новага ён расказвае.
Occupied City (Акупаваны горад)
A24
Гэты фільм нам падарыла студыя А24 — лідар у незалежным кіно. А рэжысёр «Акупаванага горада» — Стыў Макуін, намінант на «Оскар» за рэжысуру фільма «12 гадоў нявольніцтва».
Сама дакументалка — рупліва зробленае даследаванне таго, якім быў Амстэрдам часоў Другой сусветнай, пабудаванае на кадрах горада ў час пандэміі. Але ж фільм доўжыцца 4 гадзіны 22 хвіліны, то разлічвайце свае сілы.
Smoke Sauna Sisterhood (Сястрынства лазні па-чорнаму)
Alexandra Film, Kepler 22 Production, Ursus Parvus
Кіношнікі з Эстоніі, Францыі і Ісландыі аб'ядналіся, каб стварыць гэтую вельмі жаночую гісторыю. І стужка атрымалася ўдалая: з часу прэм'еры ў канцы 2023-га «Сястрынства лазні па-чорнаму» ўжо сабрала некалькі фестывальных узнагарод і было вылучанае ад Эстоніі на «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове.
У цемры лазні па-чорнаму жанчыны дзеляцца сваімі патаемнымі сакрэтамі і інтымным досведам. Разам яны змываюць з сябе сорам і аднаўляюць сваю сілу.
Einstein and the Bomb (Эйнштэйн і бомба)
Netflix
Што здарылася пасля таго, як Альберт Эйнштейн збег з нацысцкай Германіі? Каб расказаць пра гэта, стваральнікі новага фільма аб'ядналі архіўныя здымкі і словы самога фізіка, а таксама аднавілі на здымачнай пляцоўцы моманты з яго жыцця.
У дакументалцы фізік кажа, што зрабіў у жыцці адну вялікую памылку: «Калі б я ведаў, што немцы не здолеюць стварыць ядзерную зброю, я б не прымаў удзел у адкрыцці гэтай скрыні Пандоры». Менавіта страх таго, што з'явіцца нямецкая ядзерная бомба, прымусіў Эйнштэйна напісаць ліст Рузвельту, з якога пачалася гонка ўзбраенняў.
Messi's World Cup: The Rise of a Legend (Чэмпіянат свету Месі: узыходжанне легенды)
Apple TV+
У гэтай дакументалцы чатыры серыі. Разам з Apple TV+ мы пройдзем па шляху Месі і аргенцінскай зборнай праз ажно пяць чэмпіянатаў свету — шляху, які нарэшце скончыўся трыўмфам Аргенціны ў 2022 годзе.
Паралельна з гэтым мы пачуем разважанні Месі, абяцаюць шмат асабістых думак пра кар'еру аргенцінца ў нацыянальнай зборнай і звязаныя з ёй выклікі. У кадры з'явяцца і іншыя вядомыя аргенцінцы ад футбольнага свету — напрыклад, Анхель Дзі Марыя і Радрыга Дэ Поль.
Hideo Kojima: Connecting Worlds (Хідэа Кадзіма: аб’ядноўваючы светы)
Disney+
Хідэа Кадзіма — культавы японскі дызайнер гульняў, і гэтая новая дакументалка дае рэдкую магчымасць зазірнуць у яго працу.
Каб расказаць, як аўтар Metal Gear стварае свае шэдэўры, сцэнарысты ўзялі інтэрв'ю ў яго лепшых сяброў, таксама зорак у сваёй справе. У дакументалцы, да прыкладу, з'явіўся рэжысёр Гільерма дэль Тора, акцёр Норман Рыдус і канадская спявачка Граймс — былая Ілана Маска.
Secrets of the Neanderthals (Сакрэты неандэртальцаў)
Netflix
Разынка гэтага фільму — прыгожыя кадры жыцця неандэртальцаў, зробленыя, верагодна, пры дапамозе штучнага інтэлекту. Неандэртальцы існавалі на Зямлі цягам 300 тысяч гадоў, а потым чамусьці зніклі, і ў новай дакументалцы нам прапануюць разам з археолагамі ў гэтым разабрацца.
Нам пакажуць раскопкі ў розных краінах і абяцаюць, што мы атрымаем новае ўяўленне пра сваіх сваякоў з далёкага мінулага, то-бок неандэртальцаў. Замест жорсткіх і грубых пячорных людзей яны паўстануць перад намі творчымі і клапатлівымі — проста іншым прыкладам таго, што значыць быць чалавекам.
Чытайце таксама:
«Падзенне імперыі»: моцны фільм пра распад нацыі, што пакіне ў беларусаў адчуванне дэжавю
«Рыплі»: тонкі і густоўны дэтэктыў у стылі нуар, але не для ўсіх
Выйшаў серыял «Задача трох целаў» па творах найвядомейшага фантаста сучаснасці. Што ў ім?