БДУІР набярэ больш мэтавікоў. Айцішнікаў забяруць сілавікі, ваенпрам, «Камунарка»
БДУІР паказаў новы план: айцішнікаў-мэтавікоў будзе больш.
09.05.2024 / 12:03
Фота: БелТА
Усяго сёлета ўніверсітэт збіраецца набраць 62 мэтавікоў. Падчас мінулай уступнай кампаніі мэтавікам было адведзена 41 месца, усяго было пададзена 60 заявак, піша Devby.io.
Асаблівасці набору мэтавікоў у БДУІР
- Абітурыентаў адбірае заказчык з ліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і з’яўляюцца выпускнікамі ўстаноў адукацыі Беларусі.
- Прыём дакументаў: ад 27 чэрвеня да 2 ліпеня.
- Правядзенне ўступных іспытаў: ад 4 да 10 ліпеня.
- Абітурыенты, якія паступаюць для атрымання вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, за выключэннем асобных спецыяльнасцяў, здаюць адное ўнутранае ўступнае выпрабаванне па вучэбным прадмеце, які вызначаны прадметам першага профільнага выпрабавання.
- Залічэнне: да 12 ліпеня.
Сёлета больш за ўсё месцаў (14) БДУІР зарэзерваваў для кампаніі «Інтэграл». У 2023 «Інтэгралу» выдзелілі 12 месцаў для мэтавікоў.
Прадпрыемства распрацоўвае і вырабляе мікраэлектронныя кампаненты і вырабы электроннай тэхнікі, уключаючы ваенную тэхніку. Яму патрэбныя новыя супрацоўнікі, якія навучаюцца на трох спецыяльнасцях: «электронныя сістэмы і тэхналогіі», «нанатэхналогіі і нанаматэрыялы», «мікра– і нанаэлектроніка».
Некалькі месцаў выдзелена для мэтавікоў, якія плануюць працаваць на іншых прадпрыемствах ваенпраму, у прыватнасці, «Пеленг» і «558 Авіяцыйны рамонтны завод». Дарэчы, абодва прадпрыемствы разам з «Інтэгралам» — пад санкцыямі.
Павялічылася колькасць месцаў для айцішнікаў, якія патрэбныя сілавым структурам. Летась для навукова-тэхнічнага цэнтра КДБ і Дэпартамента забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС было зарэзервавана 7 месцаў. Сёлета 9 месцаў зарэзервавана для МУС.
Як і летась, БДУІР плануе рыхтаваць па мэтавых напрамках спецыялістаў для мытні. Два месцы зарэзерваваныя для прадпрыемства «Камунарка».
Як змянялася палітыка дзяржавы ў дачыненні да мэтавікоў
У 2022 годзе ў абноўленым Кодэксе аб адукацыі знялі абмежаванні для арганізацый і прадпрыемстваў, якія прэтэндавалі на мэтавы набор спецыялістаў. Раней такія арганізацыі і прадпрыемствы мусілі знаходзіцца альбо ў малых гарадах (з насельніцтвам не большым за 20 тысяч) альбо на забруджаных тэрыторыях.
Гэта дазволіла ВНУ павялічыць набор мэтавікоў. У 2022 годзе планавы набор склаў 3,2 тысячы, у 2023 годзе — каля 4 тысяч.
ВНУ медыцынскага профілю далі магчымасць набіраць да 80% мэтавікоў ад агульнай колькасці (было 50%). На спецыяльнасці, звязаныя з сельскай гаспадаркай, ветэрынарыяй, рыбнай гаспадаркай, аховай працы, можа паступаць да 70% абітурыентаў з мэтавым напрамкам (было 60%). Па іншых спецыяльнасцях — да 60% ад кантрольных лічбаў прыёму (было 40%).
Таксама змяніўся фармат паступлення мэтавікоў у ВНУ. Раней яны здавалі два або тры ЦТ у залежнасці ад спецыяльнасці. У 2023 годзе для мэтавікоў увялі адзін унутраны экзамен у вуснай або практычнай форме па профільным прадмеце спецыяльнасці.
Дарэчы, пакуль пасля мэтавай падрыхтоўкі выпускнікі ВНУ мусяць адпрацаваць у заказчыка не менш за 5 гадоў. Але летась Лукашэнка прапанаваў разгледзець магчымасць павялічыць у Беларусі тэрміны адпрацоўкі. У прыватнасці, для мэтавікоў — да 7 гадоў.