Насту Лойку ў калоніі пазбавілі грашовых пераводаў ад сваякоў
Станам свайго здароўя Наста не задаволеная, але скардзіцца яна не мае звычкі.
08.05.2024 / 12:42
«Наста Лойка ў калоніі шмат працуе і працягвае прытрымлівацца веганскай дыеты. Яе абмежавалі ў атрыманні грашовых пераводаў, а лісты яна атрымлівае толькі ад маці», — такой інфармацыяй пра палітзняволеную падзялілася крыніца з Радыё Свабода.
Станам свайго здароўя Наста Лойка не задаволеная, але «скардзіцца яна не мае звычкі».
Таксама вядома, што Наста працягвае чытаць шмат мастацкай і гістарычнай літаратуры.
«Кажа, што збольшага ў яе ўсё нармальна: працуе на пашыве адзення, шмат чытае. Апошняя прачытаная кніга — «Крыжакі» Генрыка Сянкевіча. Сказала, што кніга, у якой вядзецца пра часы Грунвальдскай бітвы, падаравала ёй новыя веды і цікавыя вобразы, што вельмі карысна, бо інфармацыі з волі ў яе мала. Але з гэтым нічога не зробіш, даводзіцца ёй трываць», — расказала крыніца.
Прадстаўніца міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human constanta Наста Лойка ў зняволенні знаходзіцца з кастрычніка 2022 года.
Насту абвінавацілі паводле 342 і 130 артыкулаў Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя альбо ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці»). Сваёй віны Наста Лойка не прызнала. Судзілі праваабаронцу на закрытым паседжанні, тэрмін у 7 гадоў зняволення Наста Лойка адбывае ў Гомельскай жаночай калоніі №4. Улады занеслі яе ў спісы тэрарыстаў і экстрэмістаў, а беларускія праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.
Праваабаронцу Насту Лойка ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў»
Праваабаронцу Насту Лойку трымаюць у цеснай і цёмнай камеры
Ад праваабаронцы Насты Лойкі дайшла вестачка на волю