Чаму Сі Цзіньпін пачаў свой візіт у Еўропу з Францыі і як яго сустрэў Макрон

Сі Цзіньпін прыехаў у Еўропу з незвычайным візітам і ў незвычайны час, калі адносіны паміж Захадам і Кітаем імкліва пагаршаюцца, піша BBC.

06.05.2024 / 20:22

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон вітае прэзідэнта Кітая Сі Цзіньпіна перад іх сустрэчай у Елісейскім палацы ў панядзелак, 6 мая 2024 г. у Парыжы. Фота: AP Photo/Christophe Ena

Чаму разладзіліся адносіны Еўропы і Кітая?

Аналітыкі адзначаюць, што на пагаршэнне адносін паміж Еўропай і Кітаем уплываюць тры прычыны — гандаль, бяспека і вайна ва Украіне.

У гандлі Еўропа спадзявалася на тое, што Кітай пачне набываць заходнія тавары, адкрые свой рынак для заходніх вытворцаў і аслабіць кантроль за рухам капіталу.

Але Кітай насуперак чаканням у паслякавідны час зрабіў стаўку на прамысловы рывок у новых тэхналогіях у такіх галінах, як электрамабілі, сонечныя батарэі і іншыя тавары і цяпер з'яўляецца сур'ёзным канкурэнтам для еўрапейскіх і амерыканскіх вытворцаў.

У выніку спачатку ЗША, а цяпер і Еўропа праводзяць антыманапольныя расследаванні, вынікам якіх можа стаць увядзенне збораў на кітайскія электрамабілі і медыцынскае абсталяванне. У адказ Кітай пагражае спыніць імпарт французскага каньяку.

Перасцярогі адносна пагрозы для бяспекі Еўропы з боку Кітая прывялі да таго, што краіны ЕС паступова згарнулі закупку кітайскага тэлекамунікацыйнага абсталявання, а ў апошнія дні перад візітам Сі загаварылі аб забароне кітайскай сацсеткі TikTok і пачалі актыўна лавіць кітайскіх шпіёнаў.

Чаму Сі абраў Францыю?

ВВС звяртае ўвагу, што для пачатку свайго пяцідзённага візіту ў Еўропу кітайскі лідар абраў не Брусэль — сталіцу Еўрасаюзу, — а Францыю.

Выбар аналітыкі тлумачаць тым, што лідар гэтай еўрапейскай ядзернай дзяржавы можа быць супастаўны сваёй палітычнай вагою з Сі. Акрамя гэтага Макрон гатовы ісці на кампрамісы і можа крытыкаваць ЗША.

Што тычыцца перамоваў, то Кітай гатовы абмяркоўваць пытанні гандлю, а вось дыялог у абмеркаванні пытання вайны Расіі супраць Украіны даўно не заладзіўся.

У мінулым годзе Макрон быў у гасцях у Сі і папрасіў яго націснуць на Пуціна, каб «прывесці Расію ў пачуцці», але кітайскі лідар гэта праігнараваў. Цяпер у Парыжы Макрон паспрабуе паўтарыць сваю просьбу. Але эксперты сумняваюцца, што гэта будзе мець вынік, бо Сі Цзіньпін глядзіць на свет праз прызму супрацьстаяння з ЗША. Пры гэтым іншыя краіны Захаду ён не лічыць самастойнымі.

Услед за Пуціным Сі называе вайну не вайною, а «крызісам» і Макрон у сваім выступленні ў гэты панядзелак дыпламатычна пераняў гэтую тэрміналогію.

Французскі прэзідэнт прапанаваў абмеркаваць пытанні еўрапейска-кітайскага гандлю і «два буйныя крызісы» — Украіну і Блізкі Усход.

Як заўважае ВВС, у сваім выступе Макрон не стаў падводзіць вынікі сустрэчы, бо яму яшчэ паўтара дня забаўляць кітайскага лідара. Панядзелак, 6 мая, два лідары правялі ў сталіцы Францыі, а на аўторак запланавана паездка ў горы. Макрон і Цзіньпін падымуцца на вышыню 2000 метраў над узроўнем мора ў мясцовасці Коль дю Турмале ў Пірынеях, куды французскі прэзідэнт у дзяцінстве прыязджаў да бабулі.

Ролю «злоснага паліцэйскага» выканала старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. У сваім выступе яна назвала вайну вайною і заявіла, што разлічвае на тое, што Кітай выкарыстае ўвесь свой уплыў на Расію, каб пакласці ёй канец, устрымаецца ад паставак узбраення і прадукцыі двайнога прызначэння Расіі і перастане дапамагаць Расіі абыходзіць санкцыі.

Не Захад, а Кітай уяўляе сабой сёння найбольшую пагрозу эканоміцы Расіі. І прычына тут — сонца і вецер

Сі Цзіньпін прыляцеў у Парыж

Сі Цзіньпін упершыню за пяць гадоў адпраўляецца ў турнэ па еўрапейскіх краінах

Nashaniva.com