Адразу шасцярых беларусаў завочна асудзілі за ўдзел у мірных сходах
Стала вядома, што вынесены чарговы прысуд у межах «спецвытворчасці». 16 красавіка ў судзе Партызанскага раёна Мінска завочна асудзілі адразу шасцярых чалавек. Прысуд агучыў суддзя Міхаіл Макарэвіч, піша «Вясна».
06.05.2024 / 14:36
Анатоля Астроўскага, Віктара Пузана, Аляксандра Цярлюка, Ірыну Сталоку, Генадзя Гутара прызналі вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Віталя Пахомчыка асудзілі паводле арт. 342 і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса і акром двух гадоў пазбаўлення волі, прызначылі яму штраф 300 базавых велічынь (12 тысяч рублёў).
Іх прызналі вінаватымі ў тым, што разам яны ўдзельнічалі ў адным з мірных сходаў у Мінску: былі на вуліцах з нацыянальным сцягам, выходзілі на праезную частку. Пахомчык, акром гэтага, пакінуў тры публікацыі ў адным з тэлеграм-чатаў, у якім нібыта публічна зняважыў прадстаўнікоў улады. Паколькі ўсе абвінавачаныя знаходзяцца за мяжой, іх абвесцілі ў вышук.
Вядома, што іх удзел у мірным сходзе даказалі з дапамогай фотаздымку, які знайшлі ў інстаграме Анатоля Астроўскага, дзе некаторыя з абвінавачаных трымаюць нацыянальны сцяг, некаторыя — паказваюць рукамі сімвалы «вікторыі» і сціснутага кулака.
Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да гэтых людзей 23 лютага. Акрамя гэтых шасці чалавек у спісе таксама былі Арастовіч Людміла, Пруднікавы Вольга і Яўген. 12 красавіка вынесены прысуд у дачыненні да 35-гадовага Яўгена Пруднікава і 31-гадовай Вольгі Пруднікавай — беларусаў, якіх завочна судзілі паводле «народнага» арт. 342 КК. Прысуд агучыла суддзя Вольга Царык. Іх прызналі вінаватымі і таксама асудзілі завочна да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Асуджанаму на 19 гадоў калоніі анархісту Дзмітрыю Разановічу дадалі дзевяць месяцаў зняволення
За два месяцы да сканчэння тэрміну на Змітра Дашкевіча зноў завялі крымінальную справу
Удзень і ўначы ў чаканні «гасцей». Як беларусы адбываюць «хатнюю хімію»?