50:0! І гэта лік не рэгбійнага, а футбольнага матча ў беларускім чэмпіянаце

У чэмпіянаце Беларусі па футболе ў другой лізе адна каманда забіла іншай 50 мячоў, сама не прапусціўшы ніводнага, паведамляе сайт Bel.Football. У матчы сустракаліся дзве каманды з Віцебскай вобласці: «Мёры» на сваім полі прымалі «Расоны».

04.05.2024 / 19:58

Фота: bel.football

Такі фенаменальны вынік зафіксаваны на фоне дзіўнага суперніцтва паміж кіраўніцтвам Міністэрства спорту і турызму (міністрам цяпер з'яўляецца Сяргей Кавальчук) і Беларускай федэрацыі футбола (АБФФ) на чале з былым старшынёй Віцебскага аблвыканкама Мікалаем Шарснёвым, якое не адбываецца недзе кулуарна пад схаваным ад чужых вачэй дываном, а выйшла на ўсеагульны агляд. 

Міністэрства і федэрацыя сярод іншага не могуць разабрацца, хто з іх мае арганізоўваць спаборніцтвы ў другой футбольнай лізе і які мае быць фармат гэтага турніру. Не прыйшоўшы да згоды, кожная са структур спрабуе арганізаваць спаборніцтвы пад сваёй эгідай, а канкурэнту ставіць палкі ў колы. Так, міністэрства 29 красавіка выдала наступную заяву:

«Паведамляем, што згодна з рэспубліканскім каляндарным планам правядзення спартыўных мерапрыемстваў АБФФ не з'яўляецца арганізатарам чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболе 2024 года сярод мужчынскіх каманд другой лігі, паколькі яго арганізатарам выступаюць Міністэрства спорту і турызму і ўпаўнаважаныя ім арганізацыі. Правядзенне АБФФ аналагічнага мерапрыемства з'яўляецца недапушчальным і выходзіць за рамкі яе паўнамоцтваў».

Тым не менш, у канцы мінулага тыдня спаборніцтвы ў другой лізе пад эгідай АБФФ усё ж фармальна стартавалі. Але пад ціскам міністэрства каманды ў іх адмаўляюцца гуляць, таму на гэты момант з дзесяці запланаваных матчаў адбыўся толькі адзін. А «прыгожы» вынік 50:0 зафіксаваны ў альтэрнатыўным турніры, які спрабуе зладзіць міністэрства. 

3 мая АБФФ распаўсюдзіла прэс-рэліз, згодна з якім усе гульні другога тура пераносяцца на больш позні тэрмін. А ў найбліжэйшы панядзелак мае адбыцца пазачарговае пасяджэнне выканкама АБФФ па пытанні фармату другой лігі. У нарадзе возьмуць удзел і прадстаўнікі Мінспорту. Магчыма, пасля таго бакі дойдуць да нейкай згоды.

Хоць пытанне правядзення чэмпіянату ў другой лізе — не адзінае, якое выклікае рознагалоссі. Таксама бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў фінансавых праблемах клубаў. 

Беларус Антон Чычкан стаў уладальнікам Кубка Польшчы па футболе

Гуам, Бутан, Макаа… Высветлілася, з кім вяла перамовы Беларуская федэрацыя футбола аб правядзенні спарынгу

Падчас футбольнага матча першай лігі гулец страціў прытомнасць, яго забрала хуткая

Nashaniva.com