«Любы больш ці менш разважлівы чалавек будзе рабіць высновы». Блогер Пятрухін расказвае палякам пра беларусаў і адукоўвае ябацек

Брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін вядомы тым, што асвятляў праблемы роднага рэгіёну праз YouTube-канал «Народный репортёр». Напачатку 2024 года, пасля адбыцця турэмнага тэрміну, ён з’ехаў з Беларусі ў Польшчу. Цяпер Пятрухін спрабуе праз тыкток расказваць палякам пра беларусаў па-польску, а таксама дагрукацца да «ябацек», уступаючы з імі ў дыскусіі падчас жывых эфіраў. Most запытаўся ў Сяргея пра творчыя планы, меркаванні палякаў пра Беларусь, рэакцыю прыхільнікаў Лукашэнкі на ягоныя аргументы і пра тое, чым бы ён хацеў займацца ў дэмакратычнай Беларусі.

04.05.2024 / 19:25

Сяргей Пятрухін. Скрыншоты з відэа

Турма, чаканне і эвакуацыя

Сяргея Пятрухіна разам з паплечнікам Аляксандрам Кабанавым затрымалі ў чэрвені 2020 года. Блогераў абвінавацілі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, а таксама ў знявазе прадстаўнікоў улады. Абодва «народныя рэпарцёры» выйшлі на волю ў снежні 2022 года: Аляксандр адразу з’ехаў з Беларусі, Сяргей жа вырашыў заставацца ў краіне.

«Я сядзеў-сядзеў, амаль год так прасядзеў, — тлумачыць блогер. — Думаў быць у краіне, бо, ну можа, нешта пачнецца, былі такія думкі, што мы зможам неяк дапамагаць з сярэдзіны. Спачатку я сачыў, усё чакаў гэты контрнаступ, спадзяваўся, што ён нешта вырашыць. А потым усё сышло, і я проста засяродзіўся на вывучэнні замежных моў і ўвогуле не глядзеў навіны».

Пакінуць краіну мужчына вырашыў пасля таго, як яго выклікалі ў міліцыю. Ён прызнаецца, што вельмі спалохаўся. Эвакуацыя праходзіла пры дапамозе Bysol: пра яе паспяховае завяршэнне сузаснавальнік фонду Андрэй Стрыжак паведаміў 13 лютага 2024 года.

Цяпер Сяргей жыве ў Польшчы, але канкрэтны горад не называе з меркаванняў бяспекі. Фінансавую «падушку» на першы час яму сабралі беларусы. У новай краіне мужчына працягвае займацца блогерствам — для беларускай, а таксама для польскай аўдыторыі.

@siarheipiatrukhin #polska #poland #беларусь ♬ оригинальный звук - Wujek Piotrek

«Каб палякі бачылі, што беларусы — гэта адэкватны народ, гэта не Лукашэнка»

Сяргей адзначае, што для палякаў кантэнт рабіць складана. Цяжка зразумець, што ім «зойдзе» пра Беларусь. Але тое, што яны цікавяцца нашай краінай — гэта дакладна.

Блогер дадае, што шмат палякаў ніколі не былі за ўсходняй мяжой, і ў некаторых з іх прысутнічае скажонае ўяўленне пра Беларусь: «Напрыклад, некаторыя ў мяне цікавіліся, ці гэта праўда, што ў Беларусі можна за каментарый трапіць у турму, і прыходзілася ім гаварыць, што гэта так».

Па словах Сяргея, бывае, што тэмы яму падказвае прапагандысцкае Radio Białoruś — гэта структурнае падраздзяленне Белтэлерадыёкампаніі, якое вяшчае на замежжа і расказвае палякам, як добра жыць у Беларусі.

«Я вырашыў зрабіць першае відэа па іх сюжэце пра бензін, — кажа блогер. — Яны там паказваюць, што ў Беларусі бензін каштуе 2,8 злотага, а ў Польшчы 6,5. Але тут жа галоўнае — колькі хто можа купіць бензіну за мінімальны заробак. Дык вось паляк можа купіць у два разы больш 95-га бензіну. І гэта відэа зайшло палякам».

Пра цікавасць да Беларусі сведчыць і тое, што Сяргея запрашаюць на польскія жывыя эфіры ў тыктоку, дзе палякі абмяркоўваюць праблемы сваёй краіны. Напрыклад, на адным такім прысутнічаў прыхільнік Лукашэнкі з Гродна, які даказваў, як зараз добра жыць у Беларусі.

«Я з гэтым хлопцам у эфіры не тое каб біўся, але загнаў яго ў кут, было прышпільна», — успамінае блогер.

Сяргей лічыць, што гэта важна — расказваць палякам праўду пра Беларусь і наладжваць з імі добрыя адносіны, каб да нас было нармальнае стаўленне. Менавіта такая мэта, запэўнівае ён.

«Палякі ўвесь гэты час задаюць мне пытанні, а я адказваю, — тлумачыць блогер. — І я гэта раблю, каб яны ставіліся да беларусаў як да нармальных людзей, каб яны бачылі, што беларусы — гэта адэкватны народ, гэта не Лукашэнка. Бо мы такімі і ёсць — адэкватным еўрапейскім народам».

@siarheipiatrukhin #polska #poland #беларусь ♬ оригинальный звук - Wujek Piotrek

«Было б добра стварыць такую пляцоўку, дзе проста размаўлялі б з беларусамі, пераконвалі іх»

Гаворачы пра рэакцыю на свой кантэнт, Сяргей адзначае, што нярэдка ў каментары прыходзяць «ябацькі» і «ватнікі», асабліва калі відэа становіцца папулярным. На яго думку, такія людзі звычайна адразу пераходзяць на асобы, не прыводзячы ніякіх канструктыўных тэзісаў.

«Але мяне такім не возьмеш, я проста выдаляю іх — і ўсё», — смяецца блогер.

Аднак адначасова мужчына падкрэслівае: хоць і рэдка, але бывае, што трапляюцца адэкватныя апаненты, з якімі можна весці дыялог і прыводзіць аргументы. Больш за тое, Сяргей упэўнены, што з прыхільнікамі Лукашэнкі трэба размаўляць і пераконваць іх.

«Зараз я выходжу да «ябацек» у іх жывыя эфіры ў TikTok, — прыводзіць прыклад блогер. — Я сябе вельмі стрымана паводжу, і яны мяне пускаюць. І ў такіх лайвах гледачы могуць пакінуць «алмазы» — гэта кшталту лайкаў — таму, чыю думку падзяляюць і падтрымліваюць. І бывае такое, што палова аўдыторыі кідае гэтыя «алмазы» менавіта мне».

Звычайна такія дыскусіі заканчваюцца тым, што вядучы «выкідвае» Сяргея з эфіру пасля яго аргументаў. «Але апошнім разам я сам сышоў — там усе проста замаўчалі пасля маіх слоў, і не ведалі што адказаць», — кажа ён.

Блогер лічыць, што такія візіты ў пралукашэнкаўскія жывыя эфіры — гэта добрая трэніроўка. Гэта дапамагае стрымліваць сябе, вытрымліваць адначасовыя атакі некалькіх апанентаў, бо ў спікераў на такіх «лайвах» адна мэта — «парваць» суперніка.

«Я думаю, што было б добра стварыць такую пляцоўку ці шмат пляцовак, дзе б сядзелі людзі, як я, і проста размаўлялі б з беларусамі, пераконвалі іх. Бо любы больш ці менш разважлівы чалавек, калі бачыць спікера, які ветліва размаўляе, а яго проста мочаць, будзе рабіць высновы», — мяркуе блогер.

@siarheipiatrukhin #polska #poland #białoruś #беларусь ♬ оригинальный звук - Wujek Piotrek

Планы пасля вяртання ў Беларусь

Па словах Сяргея, цяпер ён цэлымі днямі «робіць відосы, тыктокі». Але блогер прызнаецца, што яму больш падабаецца працаваць з вялікімі фарматамі — здымаць кіно. Напрыклад, нядаўна ён выклаў на Patreon фільм «Лукашэнка. Генацыд беларусаў» пра рэзкае зніжэнне нараджальнасці ў Беларусі. Плануюцца і іншыя відэа, у тым ліку пра беларускую мову.

Нягледзячы на тое, што шмат часу прысвячаецца польскай аўдыторыі, мужчына падкрэслівае, што прыярытэт для яго — беларусы. Менавіта ў Беларусі ён мог рабіць нешта карыснае і важнае для народа.

«Так, мяне каралі за гэта, але там быў зусім іншы адрэналін. Я разумею, што тое жыццё ў мінулым, і трэба прыстасоўвацца да новага. Але тут гэта цяжка рабіць: тэм няма. Пра што беларускі блогер тут можа гаварыць? Хадзіць па «Бедронках» і паказваць, які круты тут сыр можна купіць? Мне гэта нецікава».

Сяргей верыць, што ў хуткім часе Беларусь стане дэмакратычнай і ён зможа займацца блогерскай дзейнасцю на радзіме. Адзін з варыянтаў, які мужчына разглядае, — шукаць тых, хто пры Лукашэнку рабіў злачынствы і «выцягваць іх на белы свет».

«Я, можа, крыху па-дзіцячы гэта ўсё бачу, але ёсць вопыт, напрыклад Польшчы ці ГДР, — тлумачыць мужчына. — Там дробных служак асабліва «не гасілі». Іх проста не прымалі на працу: адмаўлялі па розных прычынах на законнай падставе. І вось я хачу, каб і нашыя гэта прадчувалі, бо яны ж вельмі шмат гора прынеслі нашым сем’ям, яны ж і зараз не даюць людзям зарабляць па палітычных прычынах. Таму я лічу, што, калі яны застануцца непакараныя, — гэта будзе вельмі дрэнна і няправільна. Справядлівасць павінна панаваць».

Маці Пятрухіна: «Дзе твой здраднік Кабанаў? З'ехаў?» — «Дык і я таксама здраднік?» — «І ты таксама»

«Я быў ватнікам». Новы ТОК з Сяргеем Пятрухіным

Пятрухін пра сямейную драму падчас турмы: жонка змяніла прозвішча сабе і сыну

Сяргей Пятрухін расказаў, як у СІЗА яго спрабавалі перавесці ў «нізкі статус». Давялося ўскрываць вены

«Ён абсалютны беззаконнік, туды яму і дарога». Былы палітвязень Пятрухін пра смерць турэмшчыка з «Віцьбы»

Nashaniva.com