«Чаго вы прыперліся?» Дзяўчына паскардзілася, што за фотасесію на беларускіх цюльпанавых палях трэба плаціць
Дзяўчына апублікавала ў тыктоку відэа, у якім расказала, як з'ездзіла на цюльпанавыя палі ў Брэсцкай вобласці і з якімі цяжкасцямі пры гэтым сутыкнулася, заўважыў Telegraf.news.
04.05.2024 / 16:09
«Насуперак усеагульнай думцы ў інтэрнэце, проста прыехаць на поле па каардынатах нельга. Па-першае, дабірацца па навігатару, па вельмі сумніўных дарогах. Не кожная машына праедзе», — расказала ў пачатку роліка аўтарка.
Далей, з яе слоў, дзяўчына сутыкнулася з уладальнікам палёў, які «ў грубай форме патлумачыў, што гэта прыватная ўласнасць». «Чаго вы нахабна прыперліся? Вы багатыя, можаце заплаціць», — вось так нам сказалі. Ну, і мы заплацілі», — працягнула яна.
Фотасесія і відэаздымка, адзначыла аўтарка відэа, абышліся групе з дзесяці чалавек у 350 рублёў.
«За гэтыя грошы вас адвязуць у патрэбны кут поля, дадуць там пахадзіць, пафоткацца і нават дазволяць узяць цюльпанаў з сабой», — расказала беларуска, пакінуўшы ў апісанні да роліка каардынаты для знаходжання палёў пры руху па навігатары: «Брэсцкая вобласць, 283 км ад Мінска». Гэта сялянская фермерская гаспадарка «Знаходка Палесся».
У каментарах людзі ў асноўным адзначалі, што ўласнік на сваіх палях мае права браць за тыя ці іншыя паслугі грошы ва ўстаноўленым ім памеры.
«Усё правільна. Чалавек, які ўклаў сілы і грошы, мае права зарабіць», — напісаў адзін юзэр тыктока.
«Пагугліце цану цыбуліны цюльпана, плюс праца, плюс тэхніка, плюс угнаенне і падрыхтоўка зямлі. Чамусьці заўсёды лічацца толькі свае выдаткі», — адзначыў яшчэ адзін карыстальнік.
«Падатак за экскурсію, цікава, уладальнік палёў плаціць?» — пацікавілася іншая каментатарка.
Іншыя ж палічылі, што цана за фотасесію і відэаздымку занадта высокая. «За 350? Ну, вы даяце, калі-небудзь ужо лепш на лавандавае поле», — напісаў юзэр.
Пазней у тыктоку з'явілася яшчэ адно відэа, у якім іншая дзяўчына падзялілася сваім бачаннем сітуацыі.
«У нас чамусьці ўсе занадта любяць лічыць чужыя грошы, колькі чалавек зарабіў са сваёй працы. І ніхто ніколі не ўлічвае, колькі туды было ўкладзена сіл, часу», — адзначыла аўтарка роліка.
Паводле яе слоў, чалавек, які ўклаў у справу ўласныя сродкі, «мае поўнае права ставіць тую цану, якую лічыць патрэбнай». «І ўжо тым больш ён мае права патрабаваць не прыязджаць на прыватную ўласнасць, каб пафоткацца там бясплатна», — дадала дзяўчына.
На Брэстчыне скасілі вялікае поле квітнеючых цюльпанаў. Навошта гэта зрабілі?
Прадпрымальнік хацеў зарабіць на кветках да 8 Сакавіка, але застаўся вінны ў 5 разоў больш