Беларуска ўпершыню судзіць паўфінал чэмпіяната свету па снукеры

У мінулым годзе ўраджэнка Пінска судзіла чвэрцьфінал.

03.05.2024 / 20:11

Таццяна Вуластон. Фота: World Snooker Tour

Беларуска Таццяна Вуластон судзіць паўфінальны матч чэмпіянату свету па снукеры.

Ураджэнка Пінска працуе на паядынку Дэвіда Гілберта і Кайрэна Уілсана. Гэта першы паўфінал чэмпіянату свету ў яе судзейскай кар'еры.

Таццяна Тарчыла нарадзілася ў Пінску, скончыла БДЭУ, дзе атрымала ступень магістра эканомікі. Некаторы час яна і выкладала ў гэтым універсітэце.

Паралельна Таццяна будавала кар'еру суддзі ў снукеры. Яна прайшла шлях ад нацыянальных спаборніцтваў унутры Беларусі да міжнародных мейджараў. У 2010 годзе Таццяна стала першай рэферы з Усходняй Еўропы, якая судзіла паўфінал турніру еўрапейскага тура. Прычым яна судзіла матч з удзелам суперзоркі сусветнага снукера — да таго часу ўжо трохразовага чэмпіёна свету Джона Хігінса.

У 2011 годзе Таццяна выйшла замуж за англійскага снукерыста Бена Вуластона і пераехала жыць у Вялікабрытанію. У 2015 годзе беларуска ўпершыню судзіла рэйтынгавы турнір сусветнага тура Welsh Open. Праз сем гадоў там жа Таццяна ўпершыню працавала на фінале. Летась беларусцы даверылі фінал British Open паміж суперзоркамі — трохразовым чэмпіёнам свету Маркам Уільямсам і чатырохразовым чэмпіёнам Маркам Сэлбі.

На чэмпіянаце свету Таццяна ўпершыню з'явілася ў 2020 годзе, з тых часоў судзіць рэгулярна. На апошніх двух чэмпіянатах свету беларуска працавала на чвэрцьфіналах. Цяпер ёй даверылі паўфінал галоўнага турніру па снукеры.

15-гадовая більярдыстка Саша Карней: «Я люблю Беларусь, але жыць планую ў Амерыцы»

Чэмпіён свету па снукеры прыйшоў на прэс-канферэнцыю толькі ў адным ручніку, а потым зняў і яго ВІДЭА

Беларускі майстар покеру зноў выйграў на турніры больш за мільён даляраў

Nashaniva.com