У індэксе свабоды прэсы Беларусь апынулася паміж Саудаўскай Аравіяй і Кубай
Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» паставіла Беларусь на 167 месца ў сваім штогадовым «Сусветным індэксе свабоды прэсы» па выніках 2023 года. І гэта на 10 пазіцый ніжэй за леташні паказчык.
03.05.2024 / 11:52
Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» штогод праводзіць аналіз умоваў для здзяйснення журналістамі сваіх прафесійных абавязкаў. Ацэнка даецца па пяці крытэрыях: бяспека, прававая база, палітычны, эканамічны і сацыяльна-культурны кантэкст. Усяго ў індэксе 180 краін.
У апошнія гады становішча Беларусі ў гэтым індэксе пастаянна зніжаецца: у 2022 годзе яна была на 153 месцы, у 2023 — на 157. А па выніках 2023 года адбылося падзенне адразу на 10 пазіцый.
Беларусь традыцыйна ўваходзіць у «чырвоную» зону — групу краін, дзе ўмовы для працы журналістаў самыя горшыя. Усяго ў ёй 36 краін. Цяпер наша краіна знаходзіцца на 167 месцы паміж Саудаўскай Аравіяй і Кубай. Сярод краін былога СССР толькі Туркменістан апынуўся ніжэй — на 175 месцы.
Аўтары індэксу 2024 года звяртаюць увагу, што становішча з свабодай прэсы пагоршылася ва Усходняй і Сярэдняй Азіі. Краіны рэгіёна «эфектна эмітуюць расійскія рэпрэсіі». Так у Азербайджане зніжэнне адбылося на 13 пазіцый (164-е месца). Сама Расія заняла 162-е месца. Уплыў гэтай краіны распаўсюдзіўся да Сербіі (98-я месца і зніжэнне на 7 пазіцый).
У той жа час Украіна, з якой Расія працягвае весці вайну, у індэксе знаходзіцца на 61-м месцы.
Агульная трывожная тэндэнцыя
Аўтары папярэджваюць аб адной важнай з'яве, якую выявіў новы Індэкс — зніжэнне аднаго з пяці крытэрыяў — палітычнага кантэксту. Дзяржавы і палітычныя сілы, незалежна ад іх палітычнай арыентацыі, адыгрываюць усё меншую ролю ў абароне свабоды прэсы.
«У глабальным маштабе відавочна адно: свабода прэсы знаходзіцца над пагрозай з боку тых самых людзей, якія павінны быць яе гарантамі — палітычных уладаў», — сцвярджаюць аўтары і звяртаюць увагу, што з пяці крытэрыяў, з якіх складаецца рэйтынг краіны, менавіта палітычны найбольш знізіўся ў індэксе за 2024 год — на 7,6 пункта.
Хто найлепшы і найгоршы
Агульнае зніжэнне палітычнага паказчыку паўплывала і на змены ў лідарах. Так палітычны кантэкст свабоды прэсы знізіўся ў Нарвегіі (на 1,67 пункта), хаця яна засталася на першым месцы. А вось судовае запалохванне СМІ з боку палітычных сілаў у Ірландыі апусціла гэту краіну з леташняга 2-га месца на 8-е. Яе месца заняла Данія. На трэцяй пазіцыі — Швецыя.
Ілюстрацыя: Baj.media
Што тычыцца Беларусі, то палітычны паказчык у яе знізіўся адразу на 16,4 пункта — з 32,34 да 15,94.
У параўнанні з мінулым годам адбыліся змены ў канцы спісу. Такія краіны як Кітай (172-е месца ў Індэксе 2024 года), В'етнам (174-е), Паўночная Карэя (177) саступілі свае пазіцыі Афганістану, Сірыі і Эрытрэі, дзе адбылося значнае пагаршэнне палітычнага кантэксту.
Апошнія дзве краіны, як адзначаюць аўтары, «з-за рэкорднай колькасці затрыманых, зніклых без вестак ці ўзятых у закладнікі журналістаў ператварыліся для СМІ ў зону беззаконня».
Ціханоўская: Свабоды прэсы ў Беларусі няма, у краіне тры з паловай дзясяткі вязняў-журналістаў
«Свабода» супраць прапаганды. «Рэпарцёры без межаў» запусцілі новы спадарожнікавы пакет
Беларусы напісалі 40 тысяч даносаў? Не, гэта непраўдзівае сцверджанне